Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі (НАК) заявіў, што Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) нібыта парушыў прынцып «заставацца па-за палітыкай», калі забараніў кіраўніцтву НАК афіцыйна ўдзельнічаць у падзеях МАК. Ключавыя словы тут — «кіраўніцтву» і «афіцыйна». Кіраўнік НАК Аляксандар Лукашэнка можа, як і ўсе, купіць на той ці іншы матч квіткі і пайсьці на трыбуну. Вядома, калі мае дазвол уехаць на тэрыторыю краіны, дзе будзе спаборніцтва. Адметна, што пры гэтым Лукашэнка пагражае падаць у суд на МАК, каб там патлумачылі, што кепскага ў «абароне краіны».
Сьцісла:
- Для дыктатараў спорт — сымбаль уласнай моцы.
- Лукашэнка прапануе МАК даказаць, што ён вінаваты. Праваабаронцы актыўна зьбіраюць і сыстэматызуюць усе факты пра катаваньні і забойствы мірных грамадзянаў у 2020 годзе.
- Папярэднія чэмпіянаты міжнароднага ўзроўню ў Беларусі легітымізавалі Лукашэнку. Рабілі зь яго «крыху не дыктатара».
- Абмежаваньні МАК і магчымая адмена прыёму Беларусьсю чэмпіянату сьвету ў хакеі 2021 году ставяць кропку ў пытаньні, кім ёсьць Лукашэнка ў палітыцы.
Забраць штосьці ў Лукашэнкі са сфэры спорту — гэта як у дзіцяці адабраць любімую цацку. Колькасьць лядовых палацаў і пастаяннае мільганьне Лукашэнкі ў мэдыя з хакейнай клюшкай у руках пацьвярджаюць такую думку. У аўтарытарных рэжымаў спорт часта мае большае значэньне за навуку ці культуру. Імкненьне фізычна перамагчы суперніка рэалізуецца праз культывацыю спорту. Не «ў здаровым целе здаровы дух», а менавіта як трыюмфу волі. Палітычнай волі.
Дарэчы будзе згадаць Алімпійскія гульні ў Бэрліне 1936 году, калі алімпійцаў вітаў Адольф Гітлер. З трыбунаў яму адказалі дзясяткі тысяч выцягнутых рук у нацысцкім партыйным вітаньні. Праз тры гады нацысты распачалі Другую сусьветную вайну.
Вайна, расізм, сэксізм і допінг — вось тэмы, паводле якіх вызначаюцца дзесяць выпадкаў у гісторыі, калі пэўным краінам забаранялася браць удзел у Алімпійскіх гульнях. У выпадку Беларусі гаворка не пра спартоўцаў, а выключна пра спартовае кіраўніцтва, якое ачольвае ўласна Лукашэнка.
«Няхай Бах і банда раскажуць, у чым мая віна: што я сваю краіну абараняю?» — такімі словамі Лукашэнка характарызуе свае дзеяньні ў краіне ў 2020 годзе. Выяўляецца, што такім чынам ён краіну абараняе. 900 крымінальных справаў супраць дэманстрантаў, але ніводнай — супраць тых, хто іх катаваў. 160 палітычных зьняволеных, 30 000 прайшлі праз адміністрацыйныя арышты, тысячы катаваньняў, дзясяткі скалечаных. Гэта ўсё прыблізныя лічбы. І нявызначаная колькасьць забітых.
Пытаньне — а дзе тут «палітыка»?
Лукашэнка пагражае падаць у суд на МАК, каб там патлумачылі, што кепскага ў «абароне краіны». Ці застануцца пагрозы (ці абяцаньні, як паглядзець) пагрозамі? Тымчасам праваабарончыя арганізацыі няспынна сыстэматызуюць факты масавага гвалту сілавых структураў Беларусі над мірнымі грамадзянамі. Дакумэнты могуць быць перададзеныя хоць у які-кольвечы суд у Эўропе, хоць, напрыклад, у суд Савецкага раёну Менску. Ды ў любы суд, які Лукашэнка захацеў бы выбраць для разгляду сваёй справы.
Працытуем самога Лукашэнку: «Сёньня кажуць: спорт па-за палітыкай. Спорт — гэта самая вялікая палітыка».
Чэмпіянат сьвету ў хакеі 2014 году быў вельмі важным для Лукашэнкі, як і іншыя міжнародныя спартовыя спаборніцтвы на тэрыторыі Беларусі. Прыезд іншаземцаў з усяго сьвету сьведчыў, што не такі ўжо Лукашэнка і «людажэр».
Цяпер чэмпіянат сьвету ў хакеі 2021 году, які мусіў часткова адбыцца ў Беларусі, з краіны можа быць перанесены. А самага Лукашэнку і ягоных набліжаных робяць нон-грата ў сьвеце спорту. Дый наагул у сьвеце.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.