Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст Леанід Заіка: «Актыў» Лукашэнкі адчувае, што ўсё скончылася


Эканаміст Леанід Заіка. Архіўнае фота.
Эканаміст Леанід Заіка. Архіўнае фота.

Эканаміст, распрацоўнік праграмы «Стратэгія для Беларусі» Леанід Заіка лічыць, што задачы, пастаўленыя Аляксандрам Лукашэнкам перад урадам, ня будуць выкананыя.

У інтэрвію Myfin экспэрт выказаў перакананьне, што канец Аляксандра Лукашэнкі прадчуваюць нават ягоныя падначаленыя.

Лукашэнка напярэдадні даў чыноўнікам загад дамагчыся станоўчай дынамікі па ўсіх кірунках эканомікі. Пры гэтым ён заявіў, што адсылкі на крызіс сусьветнай эканомікі і пандэмію каранавірусу прымацца ня будуць. Акрамя таго, ён палічыў неабходным «выпрацаваць мэханізм стрымліваньня цэнаў па ўсіх кірунках і парамэтрах», змагацца з дэфіцытам бюджэту, працаўладкаваць беспрацоўных.

Леанід Заіка лічыць гэтыя і іншыя патрабаваньні Лукашэнкі невыканальнымі.

«Указаньні Лукашэнкі аб эканоміцы ў 2021-м выкананыя ня будуць — ён так доўга не працягне».

На думку Леаніда Заікі, сучасная беларуская эканоміка мае такі малы адсотак у эканоміцы плянэты, што «прымаць якія-небудзь рашэньні аб тэмпах разьвіцьця ва ўмовах усеагульнай дэглябалізацыі — сьмешна».

Пра нейкае асобнае ад агульных тэндэнцый цэнаўтварэньне гаварыць таксама не выпадае.

«Цэны на халадзільнікі, пральныя машыны, ды і на ўсе іншыя тавары вызначаюцца сусьветным рынкам і зусім не ў беларускіх рублях. І калі за імі пачне сачыць, напрыклад, начальнік менскага АБЭЗу, гэта ніякім чынам не паўплывае на іх узровень».

Эканаміст кажа, што адзіным шляхам пэўнага скарачэньня дэфіцыту ёсьць перапрацоўка і спэкуляваньне на нафце, атрыманай з Расеі. Аднак, «на 90% сытуацыя будзе разьвівацца ў кантэксьце таго, як Пуцін будзе трываць Лукашэнку».

Змаганьне Лукашэнкі з дармаедамі Заіка таксама называе бессэнсоўным. Тактыка паставіць «замест аднаго дворніка двух» не прынясе плёну. На думку эканаміста, трэба займацца не стварэньнем падобных працоўных месцаў, а заменай некваліфікаванай працы стварэньнем рабатызаваных працоўных месцаў.

Леанід Заіка перакананы, што ўсе пасяджэньні Лукашэнкі з чыноўнікамі «ня маюць ніякага дачыненьня да будучыні Беларусі». Па словах экспэрта, падначаленыя з кожным днём усё больш гэта ўсьведамляюць.

«Зьбірае ён свой „актыў“ і „ставіць задачы“, а гэтыя людзі адчуваюць, што ўсё скончылася».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG