Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхароў сталічных мікрараёнаў Вясьнянка і Лебядзіны забіраюць на Акрэсьціна за бел-чырвона-белыя сьцягі ў вокнах


Бел-чырвона-белы сьцяг у Новай Баравой
Бел-чырвона-белы сьцяг у Новай Баравой

«Нашай Ніве» стала вядома пра некалькі выпадкаў, калі гаспадароў кватэраў у Цэнтральным раёне Менску затрымалі за тое, што ў іх вісіць на бальконе нацыянальны сьцяг.

Адзін мужчына ўжо арыштаваны за «пікетаваньне шляхам разьмяшчэньня сьцяга». Іншыя — у чаканьні судоў.

«Мы жывем у Вясьнянцы, на вуліцы Лесі Ўкраінкі, — расказала выданьню Тацяна Котава. — Сьцяг са жніўня вісеў на бальконе. А ўчора да нас прыйшлі. Мяне не было дома, у кватэры заставаўся 18-гадовы сын Андрэй. Са словаў суседзяў, сілавікі запатрабавалі зьняць сьцяг, сын нібыта адмовіўся — яго забралі ў Цэнтральнае РУУС».

Цяпер Андрэй на Акрэсьціна, яго абвінавачваюць паводле арт. 23.34.

Падобнае здаралася і з жыхарамі мікрараёну Лебядзіны.

«Учора каля 10-й раніцы пазванілі ў дзьверы. Там стаяў мужчына, які адразу паспрабаваў прарвацца ў кватэру, муж спыніў, — расказала Анастасія. — Мой муж — былы сьледчы, Ільля Рокач, пра яго пісалі. Пачаў пытацца ў нашага „госьця“, адкуль той. З Цэнтральнага РУУС. Яны выйшлі. Хвіліны празь дзьве вярнуліся, муж сказаў, што яго забіраюць у РУУС, каб скласьці пратакол за сымболіку на бальконе».

На Ільлю Рокача склалі пратакол паводле артыкула 23.34, ён пад вартай і чакае суду.

Як і Тацяна Котава, Анастасія пакінула сьцяг на бальконе і здымаць яго не зьбіраецца.

Яшчэ адна гісторыя ў Лебядзіным скончылася пратаколам «за масавы пікет» і 7 суткамі арышту.

«У нас звычайна дзьверы не зачыненыя, проста трое зайшлі без запрашэньня адразу ў кватэру, — згадвае Лідзія Кабанава. — Паказалі фота балькона са сьцягам. А мы сьцяг зьнялі ўжо тыдзень таму — прыходзіў работнік з МНС, прасіў прыбраць. Міліцыянт кажа: «Трэба ехаць пісаць тлумачальную, а не, дык забяром прымусова».

Празь дзьве гадзіны патэлефанавалі з Цэнтральнага РУУС: маўляў, муж затрыманы і цяпер на Акрэсьціна. Суд прайшоў 30 лістапада, Дзьмітрыя Кабанава арыштавалі на 7 сутак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG