Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта мая кватэра. Што хачу, тое і раблю». На лёджыі Севярынцаў вісіць бел-чырвона-белая гірлянда


Гірлянды на лёджыі кватэры Севярынцаў. Віцебск.
Гірлянды на лёджыі кватэры Севярынцаў. Віцебск.

Тацяна і Кастусь Севярынцы жывуць у Віцебску на 8-м паверсе ў доме на праспэкце Будаўнікоў. Цяпер на іх лёджыі ўвечары запальваецца бел-чырвона-белая гірлянда.

Сьцяг, які раней вісеў у вакне, яны зьнялі пасьля таго, як учора ўвечары да іх у кватэру спрабавалі ўвайсьці «газавікі».

Спадарыня Тацяна сказала Свабодзе, што насамрэч «газавікоў» цікавіў бел-чырвона-белы сьцяг, і таму дзьверы ім не адчынілі.

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

«Да сёньняшняга ранку сьцяг вісеў. Але калі мяне затрымлівалі, то начальнік міліцыі пытаўся: а што гэта такое, вы сьцяг павесілі на гаўбцы? Я яму адказала, што гэта мая кватэра, што хачу, тое і раблю. Супрацоўнікі міліцыі яшчэ хацелі да нас раней трапіць, але мы іх не пусьцілі, – кажа спадарыня Тацяна. – Учора ўвечары пазванілі ў дзьверы тры постаці, кажуць, што прыйшлі правяраць газ. Муж не адчыніў. Яны кажуць, што вас тады выганяць з працы і выпішуць штраф. Муж сардэчнік, і я не хачу, каб ён моцна хваляваўся. Сёньня я вырашыла сьцяг зьняць, прывяду яго ў парадак, а там пабачым».

Сьцяг на лёджыі кватэры Севярынцаў. Віцебск.
Сьцяг на лёджыі кватэры Севярынцаў. Віцебск.

Спадарыня Тацяна кажа, што, каб зьняць сьцяг зь яе лёджыі, давялося б прыгнаць спэцыяльную тэхніку. Але ўлады ня здымуць пратэставыя настроі, здымаючы сьцягі з дамоў.

«Яны гэта ўсё не адсочаць, і бел-чырвона-белыя сьцяжкі будуць зьяўляцца дзе заўгодна. Гэта ня спыніцца. У іх жа мякіна замест мозгу, калі яны так тупа выконваюць гэтыя дзікунскія загады. Гэта праява іх бездапаможнасьці, хаця ў іх руках цяпер карныя суды, міліцыя, АМАП, усе гэтыя хадзячыя дубінкі».

Штраф за пікет на лёджыі

У верасьні лёджыю Севярынцаў супрацоўнікі міліцыі назвалі месцам правядзеньня несанкцыянаванага пікету і склалі пратаколы на гаспадароў і госьцю. Тацяна Севярынец расказала Свабодзе, што 30 жніўня яна разам з мужам Канстанцінам і блогеркай Аленай Янушкоўскай зь вялізным бел-чырвона-белым сьцягам вітала зь лёджыі калёну дэманстрантаў.

«Канечне ж, мы ўзрадаваліся, што людзей шмат і яны ідуць. У мяне ёсьць велічэзны пяцімэтровы сьцяг, мы яго схапілі, пачалі махаць, крычалі «Жыве Беларусь!». Калёна спынілася, яны пачалі вітаць у адказ: «Жыве Беларусь!». Сем хвілінаў шчасьця было. На наступны дзень Алену арыштавалі, бо яна яшчэ стрыміла з самога маршу. І калі яна была ў ІЧУ, яе яшчэ аштрафавалі на 35 базавых за пікет на нашай лёджыі».

Севярынцам таксама міліцыянты даслалі пратаколы па артыкуле 23.34 за пікет на лёджыі. Суд прысудзіў Тацяне штраф у 25 базавых, а Канстанціну вынес папярэджаньне.

«Я паглядзела тэхнічныя дакумэнты і высьветліла, што лёджыя зьяўляецца часткай кватэры і стасуецца з тым пакоем, да якога прымыкае. Паводле тэхпашпарту плошча лёджыі ўваходзіць у агульную плошчу кватэры», – кажа гаспадыня.

«Не адносіцца да грамадзкага месца»

Тацяна Севярынец напісала зварот у Першамайскую адміністрацыю Віцебску з просьбай дазволіць правесьці пікет на сваёй лёджыі. У адказе за подпісам намесьніка кіраўніка адміністрацыі Сяргея Барадзіна гаворыцца, што правядзеньне масавых акцый рэгулюецца законам аб масавых мерапрыемствах. Згодна з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму сталым месцам правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Першамайскім раёне Віцебску зьяўляецца парк 30-годзьдзя ВЛКСМ.

Грамадзкая актывістка Тацяна Севярынец у сваёй кватэры.
Грамадзкая актывістка Тацяна Севярынец у сваёй кватэры.

«Паколькі ўказанае вамі ў заявах месца правядзеньня мерапрыемстваў не адносіцца да грамадзкага месца, яно не падпадае пад сфэру дзеяньня ўказанага вышэй закону і не патрабуе прыняцьця рашэньня кіраўніка мясцовага выканаўчага і распарадчага органа альбо яго намесьніка», – гаворыцца ў лісьце
з адміністрацыі.

Калі абскарджвалі пастанову раённага суду ў абласным, гэтую паперу зь Першамайскай адміністрацыі Севярынцы далучылі да справы. Абласны суд пакінуў ранейшае рашэньне ў сіле.

«Судзьдзя паўсьміхаўся і сказаў: «Пакінуць бязь зьменаў». Але гэта мая кватэра, што хачу, тое і раблю. Я павесіла сьцяг на вакно ў пакоі сына. А потым мне зрабілі адмысловую навагоднюю гірлянду, яе цудоўна бачна з вуліцы», – кажа спадарыня Тацяна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG