Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Відэа з камэр на грудзях амапаўцаў складана зрабіць апазыцыянэрам у Варшаве і Вільні», — палітоляг


22 жніўня 2020 году. Аляксандар Лукашэнка ў часе вайсковых вучэньняў у Горадзенскай вобласьці.
22 жніўня 2020 году. Аляксандар Лукашэнка ў часе вайсковых вучэньняў у Горадзенскай вобласьці.

Палітоляг Вадзім Мажэйка лічыць, што публікацыя відэа Лукашэнкі з аўтаматам, зьнятага камэрай аднаго з амапаўцаў каля прэзыдэнцкага палаца, «дэманструе, што эліты далёка ня так маналітныя, як Лукашэнку хацелася б прадставіць».

Як адзначыў экспэрт у інтэрвію «Настоящему времени», публікацыя гэтага відэа, а таксама «зьліў» праслухоўваньня тэлефонных размоваў людзей, якія ўваходзяць у найбліжэйшае атачэньне Лукашэнкі і могуць быць датычныя да нападу на Рамана Бандарэнку і апэрацыяў па «зачыстцы» менскіх двароў ад пратэставай сымболікі, паказваюць, што ў беларускай апазыцыі ёсьць доступ да беларускіх сілавікоў на найвышэйшым узроўні.

— Каму выгадная публікацыя гэтых відэа і ці ёсьць уплыў гэтых відэа на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі?

— Публікацыя такіх відэа, безумоўна, выгадная ўсім праціўнікам рэжыму Лукашэнкі. Таму што яна дэманструе, што эліты далёка ня так маналітныя, як Лукашэнку хацелася б гэта ўявіць. Мы ж разумеем, што такія перахопы ці відэа з камэр, якія вісяць на грудзях амапаўцаў, — гэта складана зрабіць апазыцыянэрам, якія знаходзяцца ў Варшаве і Вільні. Відавочна, што для такіх рэчаў патрэбны доступ да верхавіны сілавога блёку.

Зьліў з камэр відэаназіраньня — гэта пытаньне ўласнай бясьпекі. Зразумела, што калі публікуецца праслухоўваньне тэлефонных размоваў прэс-сакратара прэзыдэнта, мы можам уявіць, што для такога патрэбны вельмі высокі ўзровень доступу. Вядома, такія рэчы паказваюць на раскол элітаў. А ўсё, што спрыяе расколу элітаў і дэманструе яго, безумоўна, для праціўнікаў рэжыму вельмі важна. Бо паказвае, што сытуацыя не такая зацэмэнтаваная.

Зноў жа, гледзячы на відэа з камэр сілавікоў, мы бачым, наколькі яно адрозьніваецца ад тых афіцыйных відэа, якія публікавала прэс-служба Лукашэнкі на канале «Пул Первого». Там не было пратэстоўцаў, якіх выганяюць пад крыкі «Мама!» на загад Лукашэнкі. Там не было сілавікоў, якія зь яго сьмяюцца. Такія відэа паказваюць не прыпудраную карцінку афіцыйнага глянцу, яны гэты глянец зь яе здымаюць. Вядома, для дэсакралізацыі ўлады гэта таксама вельмі важна.


— Лукашэнка зноў загаварыў пра вонкавую пагрозу, пра «сплянаваныя мяцяжы» ўнутры краіны, нібыта арганізаваныя Польшчай і NATO. Як вы думаеце, для каго гэтыя заявы, хто ў іх верыць?

— Хто ў іх верыць — добрае пытаньне. Баюся, у іх ня верыць амаль ніхто. Магчыма, нават сам Лукашэнка наўрад ці ўсур’ёз гэта ўспрымае, хоць хто яго ведае? Для такіх заяваў ёсьць адразу некалькі аўдыторый. Па-першае, гэта спроба ўплываць на ўнутраны, нібыта ляяльны Лукашэнку, электарат. Гэта клясычная гісторыя — паказаць, што ўнутраныя праблемы маюць нібыта вонкавыя прычыны. Лукашэнка ж ня можа сказаць: «Праблемы — гэта праз тое, што я праводзіў няграматную палітыку». Вядома, у яго вінаватыя польскія лялькаводы, якія-небудзь галяндзкія, чэхаславацкія. Вінаваты хто заўгодна, зь неіснуючых краінаў, толькі не Лукашэнка. Гэта стандартная рыторыка для аўтарытарнага палітыка, калі, каб неяк залагодзіць унутраныя праблемы, спасылаюцца на зьнешнія пагрозы.

Вячорка пра транзыт улады і пераходны пэрыяд
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:32:05 0:00
Наўпроставы лінк

Ёсьць яшчэ кантэкст, што калі Лукашэнка канкрэтна апошні раз казаў пра пагрозу NATO, гэта ўсё ж такі было на саміце АДКБ. А ў Лукашэнкі ёсьць такая звычка — казаць суразмоўцу тое, што ён хоча пачуць. Менавіта ў гэтым сэнсе саміт АДКБ і Пуцін — гэта добрая аўдыторыя, каб расказаць пра пагрозу NATO.

Спадзяюся, у Расеі выведка дастаткова якасная, каб разумець, што ніякай арміі NATO, якая рыхтуецца ўрывацца ў Беларусь, вядома, няма, гэта зусім абсурдна. Але гэтыя заявы — магчымасьць для Лукашэнкі прадэманстраваць ляяльнасьць, паказаць, як ён адпавядае расейскаму наратыву пра пагрозу NATO.

У прынцыпе, Лукашэнка заўсёды пра гэта казаў. Усе яго мэмы «Вераломны монстар ля межаў Беларусі!» — гэтаму мэму ўжо ледзь ня дваццаць гадоў. Для Лукашэнкі гэта стандартная антызаходняя рыторыка. Ну, і адносіны з Захадам цяпер ужо ў жахлівым стане, ніякіх пэрспэктыў іх палепшыць няма ў найбліжэйшай агляднай будучыні. Таму Лукашэнка нічога для сябе палітычна не губляе, робячы такія абсурдныя заявы. Але ён спадзяецца зьяднаць свой электарат і лішні раз сказаць прыемнае Пуціну. Чаму не, у дадзенай сытуацыі гэта нічога не каштуе.

Наўпроставы лінк


— Як вы пракамэнтуеце словы Ціханоўскай аб тым, што яна гатовая ўзначаліць краіну ў пераходны пэрыяд?

— У прынцыпе, гэтыя словы цалкам адпавядаюць тым заявам, якія Ціханоўская рабіла яшчэ падчас выбарчай кампаніі. Я б сказаў — нічога прынцыпова новага. Хутчэй, гаворка пра сфармаваную каманду і пра тое, што для Ціханоўскай зьмянілася за гэтыя месяцы.

...У Сьвятланы Ціханоўскай ёсьць народная падтрымка. І ў яе сымбалічная легітымнасьць будзе вышэйшая, чым у каго-небудзь іншага. У гэтым сэнсе Ціханоўская як кампрамісная фігура, якая не выяўляе ні празаходніх, ні расейскіх, ні якіх-небудзь яшчэ перавагаў, сапраўды можа быць кампрамісам на пераходны пэрыяд. Але пакуль гэта вельмі агульныя размовы, пакуль не да канца зразумела, у якіх умовах гэты пераходны пэрыяд будзе фармавацца і наколькі будзе важна знаходзіць нейкія кампрамісы зь дзеючай уладай.

Пакуль што Сьвятлана Ціханоўская для Лукашэнкі — адназначна нэгатыўная постаць. А што тычыцца яго атачэньня — пакуль гэта складана сказаць, таму што ўсё, што мы ад іх чуем, — гэта трансьляваньне пазыцыі Лукашэнкі. Іх уласнай пазыцыі мы пакуль ня ведаем. Паглядзім, наколькі Сьвятлана Ціханоўская зможа быць кампраміснай фігурай для ўсіх.

— Усё ж панятак «транзыт улады», «пераходны пэрыяд» у вуснах Ціханоўскай — гэта больш палітычныя лёзунгі ці можна казаць, што гэта будзе калі-небудзь у агляднай будучыні?

— Безумоўна, у нейкай агляднай будучыні будзе. Гэта непазьбежная сытуацыя. Цяжка ўявіць, што сытуацыя ў тым выглядзе, у якім яна ёсьць у Беларусі, такая халодная грамадзянская вайна, што гэтая сытуацыя можа захоўвацца нейкую няпэўна доўгую будучыню. Вось гэта было б сапраўды дзіўна.

Таму транзыт — нязьменная рэч. Калі мы паслухаем, то акажацца, што пра транзыт кажуць усе: і праціўнікі ўлады, і з Расеі, і сам Лукашэнка вымушана пра гэта кажа.

Пытаньне толькі ў тым, што ўсе гэта сабе вельмі па-рознаму ўяўляюць. Для Лукашэнкі нашмат больш камфортным быў бы варыянт кантраляванага транзыту, зь перадачай улады нейкаму гіпатэтычнаму пераемніку па аслабленай Канстытуцыі. Нешта падобнае да варыянту Казахстану, дзе Назарбаеў як бы пайшоў, але як бы застаецца. Іншая справа, што гэта хутчэй мары Лукашэнкі. І цяпер максымальна неспрыяльныя ўмовы для рэалізацыі такіх мараў.

Таму транзыт патрэбен усім — пытаньне толькі ў тым, як гэта арганізаваць. Я баюся, што сам працэс нават абмеркаваньня транзыту будзе праходзіць досыць доўга, гэта будзе цяжка, і вынік будзе далёка не такі, як усім хацелася б бачыць, як заўсёды гэта бывае пры складаных кампрамісах. Але сам факт, што транзыт — гэта калі не каротка-, то сярэднетэрміновая бліжэйшая пэрспэктыва, — гэта даволі верагодны варыянт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG