Бацька палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай расказаў, што дачка, нягледзячы на знаходжаньне ў сьледчым ізалятары, прыдумала яму падарунак на дзень народзінаў.
У паштоўцы з падмаляваным сэрцайкам Марыя Калесьнікава, па словах бацькі палітзьняволенай у інтэрвію тэлеканалу «Дождь», напісала:
«Любімы татачка, з днём нараджэньня. Трымайся і беражы сябе з усіх сіл. Вельмі цябе люблю. Усё будзе добра. Абдымаю і цалую. Твая Маша».
Аляксандар Калесьнікаў адзначыў, што носіць усе лісты з сабой і яны яго «саграваюць». Інтэрвал прыходу лістоў складае 10-12 дзён. Марыя піша пазытыўна, цікавіцца здароўем і настроем бабулі, дзядулі, іншых сваякоў. Сама адзначае, што справіцца з выпрабаваньнямі.
«Тата, што б ні здарылася, ты ведаеш, што я моцная, я ўсё вытрываю. Усе нягоды», – такую фразу Марыя Калесьнікава вымавіла ў размове з бацькам за некалькі дзён да свайго арышту.
Бацька Марыі Калесьнікавай пяць разоў спрабаваў сустрэцца з дачкой у ізалятары, аднак кожны раз яму адмаўлялі і тлумачылі, што да суду сваякам наогул рэдка дазваляюць спатканьні са зьняволенымі.
Марыя Калесьнікава была затрыманая ў ноч на 8 верасьня. 16 верасьня ёй было прад’яўлена абвінавачаньне ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу.
Неўзабаве прадстаўніцу перадвыбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прызналі палітзьняволенай. 6 лістапада Калесьнікаву адмовіліся вызваліць пад заклад і падоўжылі арышт да 8 студзеня.
Адвакатка Калесьнікавай Людміла Казак паведамляла пра перабоі ў ліставаньні са зьняволенай. Таксама вядома, што ў Калесьнікавай забралі кнігі, якія былі ў яе ў камэры.