Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве з прычыны каранавірусу зьнішчаць 40 тысяч норак


Норкавая фэрма Danmink ў Ёнаўскім раёне Літвы ўсыпіць каля 40 тысячаў норак з 59 тысячаў, каб прадухіліць распаўсюд каранавірусу, піша BNS.

Каранавірус на фэрме выявілі на мінулым тыдні, з гэтага моманту там загінулі больш за 1,2 тысячы заражаных норак, яшчэ 600 зьвяркоў былі зьнішчаныя.

У Ёнаўскім раёне ўвялі рэжым надзвычайнай сытуацыі, для таго каб кампанія магла атрымаць кампэнсацыю за зьнішчэньне пагалоўя. Дарадца адміністрацыі Ёнаўскага муніцыпалітэту Вітаўтас Камінскас адзначыў, што рэжым надзвычайнай сытуацыі не закране насельніцтва, усе захады накіраваныя на эканоміку.

Паводле Камінскаса, у Літве рэгіструецца першы выпадак распаўсюду каранавірусу на фэрме. Выразнай практыкі і схемы працы і кантролю за сытуацыяй пакуль няма, улады спрабуюць сабраць больш інфармацыі.

На каранавірус на гэтай фэрме захварэлі чатыры чалавекі, яшчэ некалькі чалавек застаюцца на самаізаляцыі.

На пачатку лістапада ўлады Даніі вырашылі зьнішчыць усіх норак на фэрмах, каб не дапусьціць мутацыі каранавірусу. Паводле прэм’ер-міністаркі краіны Мэтэ Фрэдэрыксэн, мутацыя хваробы ў папуляцыі норак аслабляе выпрацоўку антыцелаў у людзей і перашкаджае стварэньню эфэктыўнай вакцыны ад COVID-19. Усяго ў краіне плянавалася зьнішчыць каля 17 мільёнаў норак.

Пазьней у Сусьветнай арганізацыі здароўя паведамілі, што каранавірус у норак выявілі на фэрмах яшчэ ў пяці краінах — ЗША, Італіі, Гішпаніі, Швэцыі і Нідэрляндах. Адмыслоўцы арганізацыі мяркуюць, што норкі заражаюцца COVID-19 ад чалавека. Распаўсюдзіўшыся ўнутры папуляцыі норак, вірус можа вярнуцца да чалавека пры блізкім кантакце з норкай ужо ў мутаваным выглядзе. Пасьля гэтых паведамленьняў у Літве вырашылі праверыць норак на наяўнасьць каранавірусу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG