Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы канфлікт паміж Будапэштам і Кіевам пасьля ператрусу ў Закарпацьці


Служба бясьпекі Ўкраіны правяла ператрусы ў адным з дабрачынных фондаў у Закарпацьці, каб праверыць інфармацыю аб яго датычнасьці да «дзейнасьці, накіраванай на парушэньне дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны», паведамляецца на сайце Службы бясьпекі Ўкраіны.

«Вывучаецца магчымае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы і прычыненьне шкоды дзяржбясьпецы Украіны пры дапамозе фэйкавага распаўсюду дзеяньня заканадаўства Вугоршчыны і юрысдыкцыі яе дзяржаўных органаў на асобныя рэгіёны нашай краіны», — сказана ў паведамленьні.

Сьледзтва таксама вывучае факты магчымага садзейнічаньня замежнай дзяржаве асобнымі ўкраінскімі грамадзкімі дзеячамі. Яны падазраюцца ў «падтрымцы дзяржорганаў суседняй краіны ў вядзеньні падрыўной дзейнасьці на шкоду Ўкраіне».

СБУ паведамляе, што падчас ператрусаў яны знайшлі друкаваныя матэрыялы, якія «папулярызуюць так званую Вялікую Вугоршчыну і стварэньне этнічнай аўтаноміі ў Закарпацьці». Канфіскаваныя кампутарная тэхніка, сродкі сувязі і іншыя матэрыялы, якія сьледчыя зьбіраюцца дасьледаваць як доказную базу супрацьпраўнай дзейнасьці.

Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта скрытыкаваў ператрусы. У сваім відэазвароце ён заявіў, што «празь недапушчальнасьць такіх дзеяньняў» выклікалі пасла Ўкраіны ў Вугоршчыне, каб выказаць незадаволенасьць дзеяньнямі кіраўніцтва Ўкраіны.

Паводле яго слоў, ён плянуе сустрэцца 1 сьнежня з адказным па пытаньнях NATO, каб абмеркаваць пытаньне членства Ўкраіны ў альянсе.

Паводле зьвестак журналістаў, ператрусы праходзілі ў Таварыстве вугорцаў Закарпацьця.

Адносіны Будапэшта і Кіева абвастрыліся, у прыватнасьці, пасьля прыняцьця ва Ўкраіне новага закону аб мове. Ён вызначае мовай адукацыі ўкраінскую, якая ў краіне зьяўляецца адзінай дзяржаўнай. Вугоршчына заявіла, што гэта парушае правы вугорскай меншасьці. Украіна адпрэчыла абвінавачваньні, аднак Будапэшт у знак пратэсту блякаваў збліжэньне Ўкраіны з NATO, дзе ўсе рашэньні прымаюцца кансэнсусам.

Акрамя таго, адносіны абвастрыла і зьяўленьне ў інтэрнэце відэазапісу выдачы вугорскіх пашпартоў грамадзянам Украіны ў адным з консульстваў Вугоршчыны ў Закарпацьці, прычым новых вугорскіх грамадзянаў інструктавалі хаваць гэта ад украінскай улады. Гэта выклікала дыпляматычны скандал са ўзаемным высыланьнем дыпляматаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG