Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны выступіў з заявай у падтрымку беларускіх калег, якія пацярпелі ад рэпрэсій у апошнія месяцы. Тэкст з падтрымкай навукоўцаў зь Беларусі апублікаваны на старонцы Інстытута гісторыі НАН Украіны ў Фэйсбуку.
Украінскія навукоўцы адзначаюць, што зьведалі рэпрэсіі на сабе, іх калегі цярпелі перасьлед яшчэ ў савецкі час. У прыватнасьці, «у 1936-1938 гадах навукоўцы Інстытута і члены іх сем'яў былі арыштаваны па ілжывым абвінавачваньні, а шэсьць навукоўцаў расстралялі. У 1947 г. гісторыкаў «выхоўвалі» за нібыта грубыя палітычныя памылкі і скажэньні буржуазна-нацыяналістычнага характару».
У сваёй заяве ўкраінцы пералічваюць імёны тых, хто трапіў у той пэрыяд пад скарачэньні з палітычных прычынаў. Гэта доктар гістарычных навук Алена Компан, кандыдаты навук Алена Апановіч і Яраслаў Дзыра.
«З-за палітычнай нясьпеласьці быў адхілены ад пасады дырэктар Інстытута археалёгіі і рэдактар «Украінскага гістарычнага часопіса», член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР Фёдар Шаўчэнка. Цяпер падобнае адбываецца ў Рэспубліцы Беларусь. Фактычна за сваю адкрытую грамадзянскую пазыцыю, афіцыйна з-за заканчэньня тэрміну кантрактаў навукоўцы масава звальняюцца з акадэмічных устаноў Беларусі».
На заканчэньне заявы ўкраінскія супрацоўнікі Інстытута гісторыі заяўляюць, што «рашуча выступаюць супраць парушэньня акадэмічных свабодаў навукоўцаў Рэспублікі Беларусь».
1 сьнежня стала вядома, што кантракт з Інстытутам гісторыі Акадэміі навук Беларусі ня будзе працягваць кандыдат гістарычных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік адзьдзелу генэалёгіі, геральдыкі і нумізматыкі Сяргей Рыбчонак. 54-гадовы навуковец выступіў у падтрымку сваіх калег, якіх кіраўніцтва Акадэміі навук апавясьціла аб звальненьні.
Як паведамляе Эўрарадыё, ён далучыўся да акцыі салідарнасьці калег, якія раней заявілі аб сыходзе з Інстытута. Гэта Вадзім Аніпяркоў, Васіль Варонін, Андрэй Мацук, Уладзімер Тугай і Андрэй Унучак.
Навукоўцы сыходзяць з Акадэміі навук з-за таго, што Аляксей Шаланда, Кацярына Крывічаніна, Алесь Жлутка, Мікалай Волкаў, Андрэй Радаман, Тацяна Папоўская і Ўладзімер Шыпіла, якія выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю, ўжо атрымалі дакумэнты ад кіраўніцтва аб звальненьні.