Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў: Выцекі інфармацыі робяцца, каб Бабарыку ня выпусьцілі


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў заявіў, што Лукашэнка выкарыстоўвае палітвязьняў толькі для гандлю і выказаў меркаваньне, калі Віктара Бабарыку могуць адпусьціць на свабоду.

Пра магчымы выхад на свабоду незарэгістраванага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыкі на мінулым тыдні казаў член Каардынацыйнай рады Павал Латушка, спасылаючыся на свае крыніцы: нібыта бацьку і сына Бабарыкаў могуць адпусьціць, калі яны зьедуць зь Беларусі.

Адвакаты Бабарыкі і яго сям’я гэтую інфармацыю абверглі. Паводле іх, прапаноў аб вызваленьні зь СІЗА КДБ пад якія-небудзь умовы палітыку і бізнэсоўцу не паступала.

Віктар Бабарыка разам з сынам Эдуардам знаходзяцца пад вартай зь сярэдзіны чэрвеня: экс-старшыню праўленьня «Белгазпрамбанку» абвінавачваюць у адмываньні грошай, ухіленьні ад выплаты падаткаў і ў хабарніцтве, ягонага сына — ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Ні Віктар, ні Эдуард віны не прызнаюць.

Ці могуць гэтыя чуткі мець долю праўды і ці здольны Лукашэнка выпусьціць палітвязьняў з турмы, у эфіры «Настоящего времени» пракамэнтаваў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў. Саньнікаў — экс-намесьнік міністра замежных спраў (1995-1996), экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году. Пасьля выбараў быў прызнаны вінаватым у арганізацыі беспарадкаў і асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Падаў прашэньне аб памілаваньні на імя прэзыдэнта, быў вызвалены датэрмінова ў 2012 годзе. Неўзабаве атрымаў палітычнае прыстанішча ў Вялікай Брытаніі.

— Ёсьць няўхільнае правіла: такую інфармацыю проста забаронена выдаваць у эфір, рабіць публічнай. Напэўна, людзям, якія не сядзелі, гэтага не зразумець.

— Я ўдакладню, якую інфармацыю вы маеце на ўвазе: тое, што яго могуць патэнцыйна адпусьціць?

— Так. Выцекі такой інфармацыі робяцца сьвядома, каб Бабарыку ня выпусьцілі і нават ня думалі выпускаць. Калі нешта і адбывалася, ні ў якім разе нельга было пра гэта казаць. Я хачу спаслацца на адну гісторыю, якая адбылася ў верасьні 2011 году. Тады быў выцек інфармацыі. Я тады сядзеў у турме. Да Лукашэнкі прыяжджаў міністар замежных спраў Баўгарыі Мікалай Младэнаў, які дамовіўся аб тым, што нас выпусьцяць у абмен на тое, што Лукашэнка пачне перамовы. І вы ведаеце, мы сапраўды, нават знаходзячыся ў СІЗА КДБ, я і мае сябры, вялі размову аб тым, што мы гатовыя ўступіць у перамовы, для таго каб пазьбегнуць крызысу, каб пазьбегнуць дэфолту. І, напэўна, штосьці недзе спрацавала.

Але потым чамусьці праз польскае МЗС прайшла такая інфармацыя, што Младэнаў дамовіўся пра тое, што нас будуць выпускаць. На той момант сядзелі два кандыдаты ў прэзыдэнты — Мікалай Статкевіч і я. Потым гэтую інфармацыю падхапіў любімы палякамі палітык Аляксандар Мілінкевіч. І ўсё заглухла. І потым проста пачаліся катаваньні.

Таму гэта па-за межамі — выпускаць такую інфармацыю, калі чалавек у турме. Калі чалавек, палітык у турме, яго абвясьцілі палітвязьням, трэба гаварыць пра тое, што павінны ўсё зрабіць, каб яго вызваліць. Павінны быць фатаграфіі, плякаты Бабарыкі, Статкевіча, Севярынца, Ціханоўскага. А не такія вось паскудненькія выцекі, якія сьведчаць, напэўна, пра не зусім далёкае разуменьне сытуацыі.

— Бо пра гэта сказаў усё ж Павал Латушка.

— І што такое Павал Латушка? Павал Латушка — гэта чалавек сыстэмы, які працаваў на Лукашэнку. Ён ні дня не сядзеў, Павал Латушка ня ведае, што такое — знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Я ведаю. Таму я вам кажу, як ёсьць на самой справе.

— Чаму я так акцэнтую, што Павал Латушка, — таму што, здавалася б, гэта прыхільнік Бабарыкі.

— Не, прыхільнікаў Бабарыкі нешта я цяпер ня бачу наогул. Я неяк ня чую ягонага прозьвішча. Таму што гэта сапраўды быў вельмі яркі кандыдат, які вельмі шмат зрабіў для таго, каб у краіне пачаліся гэтыя ўсе працэсы, пратэсты ў тым ліку. Хаця ён казаў, што не апазыцыя і будзе рабіць усё паводле закону. І за гэта паплаціўся. Я цяпер чамусьці ня чую ні ягонага прозвішча, ні прозьвішча Ціханоўскага, ні тым больш Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля. У нас было няўхільнае правіла, і яно застаецца: калі людзі сядзяць у турме, асабліва лідэры палітычных працэсаў, іхныя імёны павінны гучаць кожны дзень. Сёньня я такога не назіраю. І калі яны выйдуць, тады можна пачынаць працэс перамоваў. Калі яны будуць сядзець у турме — нават думаць ні пра які дыялёг, ні пра якія перамовы ня варта.

— А шанец, што Лукашэнка кагосьці адпусьціць, ёсьць?

— Калі будзе ціск. Не хапае элемэнту міжнародных санкцый. Як толькі пачнуць уводзіць эканамічныя санкцыі, [тады зьявіцца шанец]. Напрыклад, ёсьць такая нарвэская кампанія — Yara. Калі б Yara, якая закупляе калійныя ўгнаеньні ў «Беларуськалію» ( «Беларуськалій» цяпер прэсуе ўсіх рабочых), сказала, што мы сыходзім з вашага рынку, пакуль вы не адновіце на працы ўсіх, каго вы звольнілі, і перастанеце душыць страйкоўцаў, мы з вамі перарываем усе супрацоўніцтва. Нават вось гэта дапамагло б вызваліць палітвязьняў у Салігорску. Калі б былі прынятыя міжнародныя эканамічныя, гандлёвыя, фінансавыя санкцыі, гэта дапамагло б вызваліць палітычных лідэраў Беларусі, якія сёньня ў турме. Так, вядома, Лукашэнка выпускае. Але ён сам ніколі не выпусьціць, ён сам выкарыстоўвае палітвязьняў толькі для гандлю.

— Ціханоўская пацьвердзіла, што ў будучыні ў яе адбудзецца сустрэча з абраным прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. Ці можа яна на гэтай сустрэчы даціснуць, і наогул ці значыць гэта, што ЗША яе прызнаюць абраным прэзыдэнтам Беларусі?

— Вось зноў жа, няма ніякай пацьверджанай сустрэчы. Вы размаўляеце з чалавекам, які прапрацаваў у дыпляматыі досыць доўга, я ніколі не магу спасылацца на недакладную, няправільную інфармацыю.

— Я спасылаюся на Ціханоўскую, якая заявіла гэта «Белсату».

— А я вам кажу, што вы праверце інфармацыю, няма ніякага ні запрашэньня, ні пацьверджанай сустрэчы. Я вельмі хацеў бы, каб яна адбылася, таму што гэта сапраўды важна было б для нас. Але я ня ведаю, чаму [цыркулююць] гэтыя чуткі пра Бабарыку, пра сустрэчу з Байдэнам. Навошта гэта трэба і каму гэта трэба? Я не зусім разумею, якія мэты перасьледуюцца. Таму што сёньня, я ўвесь час гэта паўтараю, галоўны субʼект палітыкі ў Беларусі — гэта народ, які пратэстуе. І ўсё трэба рабіць для таго, каб неяк аблегчыць ягоны лёс. Ізноў учора пад 500 чалавек затрымалі, зноў катаваньні, зноў зьбіцьці. Сёньня ўжо дайшлі да таго, што бралі сваіх, увогуле, бабуляў і дзядуляў, нават не бацькоў. Вось пра гэта цяпер трэба думаць.

Я не разумею, чаму гэтыя нейкія ўкіды ствараюць дымавую заслону і адводзяць нас ад галоўнага. Так, з Лукашэнкам трэба разьвітвацца, ён ужо ня мае ня тое каб права, ён нават ня мае ніякіх магчымасьцяў заставацца кіраўніком Беларусі, чаго ён так хоча. Так, ён і адпусьціць палітвязьняў, калі будзе ціск, і пойдзе ў адстаўку, калі будзе ціск. Тут і Расея магла б дапамагчы, але вось, на жаль, апошні візыт Лаўрова быў настолькі дзіўным, што я нават ня ведаю, як яго ацаніць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG