SWIFT карыстаюцца банкі большасьці краін, апроч Паўночнай Карэі і некаторых банкаў Ірану.
Што такое SWIFT
SWIFT — міжнародная сыстэма перадачы інфармацыі і зьдзяйсьненьня плацяжоў паміж банкамі. Да гэтай сыстэмы падлучаныя большасьць банкаў ва ўсім сьвеце, апроч Паўночнай Карэі і часткі банкаў Ірану.
«Гэта самая распаўсюджаная сыстэма ў сьвеце, да яе падлучаныя амаль усе краіны, дзе ёсьць банкі», — кажа Вадзім Іосуб, фінансавы аналітык «Альпары Эўразія».
Ці ёсьць альтэрнатывы SWIFT
Альтэрнатывы SWIFT сапраўды існуюць. Дакладна існуе свая сыстэма ў Кітаі і Расеі, але гэтыя сыстэмы ня так распаўсюджаныя і маюць пэўныя абмежаваньні.
«Усе альтэрнатывы абмежаваныя сваімі валютамі. У Расеі — плацяжы ў расейскіх рублях, у Кітаі — у юанях. Падлучэньне, напрыклад, да расейскай альтэрнатывы не дазволіць рабіць плацяжы ў эўра і далярах. Вельмі тэарэтычна можна прадугледзець канвэртацыю», — кажа Вадзім Іосуб.
Ці могуць адключыць ад SWIFT Беларусь
Адключаюць ад SWIFT не краіну, а банкі краіны. Дагэтуль ад сыстэмы адключалі Паўночную Карэю — за незаконнае фінансаваньне стварэньня ядзернай зброі і зброі масавага зьнішчэньня. Па міжнародных пагадненьнях гэта прыроўніваюць да фінансаваньня тэрарызму.
У Іране з падобнай фармулёўкай ад сыстэмы адключылі ня ўсе банкі, а «банкі з чорнага сьпісу».
«Нягледзячы на падзеі ў Беларусі, наўрад ці хто абвінаваціць беларускія банкі ў фінансаваньні міжнароднага тэрарызму. Не было прэцэдэнтаў, каб ад SWIFT адключалі банкі за парушэньне правоў чалавека ці праблемы з дэмакратыяй. Таму адключэньне банкаў Беларусі малаверагоднае», — мяркуе Вадзім Іосуб.
А калі ўсё ж...
Калі раптам уявіць, што нейкі беларускі банк адключаць з фармулёўкай «фінансаваньне тэрарызму», то ён стане «таксычным», кажа Вадзім Іосуб.
«У такой сытуацыі нават расейскія і кітайскія банкі з такім банкам супрацоўнічаць ня будуць, таму тут нават альтэрнатывы не дапамогуць», — кажа Вадзім Іосуб.
Тым часам ЭЗ зьбіраецца разглядаць трэці пакет санкцыяў адносна Беларусі. Апроч фізычных асобаў, санкцыі могуць закрануць юрыдычныя асобы, то бок кампаніі.