Аляксандар Максімюк:
Калі чытаеце маю кнігу пры дапамозе чыталкі Kindle, то Amazon пра гэта ведае. Amazon ведае, калі вы пачалі чытаць ды як хутка гэта робіце. Ведае, ці чытаеце вы доўга і за адзін раз, ці, можа, робіце гэта па некалькі старонак на дзень. Ведае таксама, ці зазірнулі вы ў канец кнігі, вярнуліся і нанава перачыталі нейкі фрагмэнт, ці, можа, наогул здаліся ды ня скончылі кнігу. Калі пазначыце канкрэтны фрагмэнт, Amazon таксама пра гэта даведаецца. Пра тое, што Kindle дасылае ў Amazon зьвесткі пра чытацкія звычкі, не папярэдзіць вас ніякае тэкставае паведамленьне ні запаленая лямпачка. Гэткая перадача зьвестак звычайна адбываецца ціха, і бесьперапынна.
(Bruce Schneier, «Data and Goliath: The Hidden Battles to Collect Your Data and Control Your World»)
Чаму мы пагаджаемся на такі ўзровень сачэньня за намі ў онлайн-сьвеце, на які ніколі не пагадзіліся б у рэальным? Гэта адно з пытаньняў Бруса Шнаера у яго кнізе, зь якой я выбраў цытату.
Кніга прысьвечаная сучаснаму ды ўсёабдымнаму сачэньню за чалавецтвам і кожнай яго адзінкай, якое праводзіцца як урадамі паасобных краін, так і наднацыянальнымі карпарацыямі. Сьвет, які апісвае Б. Шнаер, гэта «асяродзьдзе», у якім цяпер жывем мы ўсе і ўзамен за карысьці ад тэхналёгій пераважна бяздумна аддаём нашу прыватнасьць. Наш лёс у лічбавай эпосе значыцца гігабайтамі зьвестак, якія самі вырабляем і распыльваем — той, хто карпатліва іх падбірае, ведае пра нас больш за нас саміх.
А ці ёсьць у гэтым оруэлаўскім сьвеце нейкі праменьчык надзеі, што мы адумаемся і нанава пачнем цаніць каштоўнасьці, якія былі дарагімі для пакаленьняў да нас? Аўтар верыць, што ёсьць, што падышлі мы да пераломнага этапу, да ўсьведамленьня сваёй катастрофы і неабходнасьці супрацьдзеяньня.
У што паверыў я пасьля прачытаньня кнігі, якую купіў у інтэрнэт-кнігарні, расплаціўся за яе электроннай картачкай, загрузіў файл у электронную чыталку і адолеў тэкст за адзін вечар? Лёс адзінкі ў сучасным сьвеце незайздросны, але мы яшчэ не здаліся дарэшты, не адвучыліся думаць, ставіць адпаведныя пытаньні і рабіць высновы з магчымых адказаў, хоць займаемся гэтым ня так ужо часта, як раней…
Аляксандар Максімюк — праграміст і журналіст, жыве ў Беластоку.
Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.