«Ніякую Канстытуцыю я пад сябе не раблю. З новай Канстытуцыяй я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду», — сказаў Лукашэнка, якога цытуе БелТА.
Лукашэнка выступіў за захаваньне створанай ім «вэртыкалі» ўлады.
«Дзякуй богу, што ў нас існуе вэртыкаль улады. І вы, напэўна, заўважылі, што асноўны ўдар нашых пратэстуноў наносіцца па прэзыдэнту і вэртыкалі ўлады. Давай, дэмакратыя, усе павінны абірацца... Мы гэта праходзілі ў пэрыяд Гарбачова, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. – Мы ж абіралі ўсіх — кіраўнікоў прадпрыемстваў, дырэктараў. Ну што, давыбіраліся? І краіну страцілі, і Саюз разваліўся. Нам гэтую падлянку хочуць падкінуць цяпер».
«Я прыхільнік новай Канстытуцыі. Не таму, што дэмакратыю нейкую трэба. Не ў дэмакратыі справа, — сказаў Лукашэнка. — Мяне што ў гэтай сытуацыі хвалюе: незнаёмаму прэзыдэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга. Будзе бяда».
«У нас вельмі сур'ёзная Канстытуцыя. Казахстан, Расея, мы — мабыць, вось тры прасунутыя дзяржавы, якія маюць такую сурʼёзную жорсткую Канстытуцыю, дзе ад рашэньня прэзыдэнта залежыць усё. З гэтага пункту гледжаньня, разумеючы, што, ня дай бог, прыйдзе чалавек і захоча разьвязаць вайну і іншае... Так, трэба нам стварыць новую Канстытуцыю, але выгадную для нашай краіны, каб потым краіна не абвалілася», — цытуе Лукашэнку БелТА.
Размовы пра новую Канстытуцыю Лукашэнка вядзе некалькі год, але разуменьня, чаго ён хоча, дагэтуль няма. У разгар палітычнага крызісу пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта 9 жніўня Пуцін, які падтрымаў Лукашэнку, выступіў за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі як магчымае выйсьце з сытуацыі.
Раней Лукашэнка казаў, на што варта пайсьці пры зьмяненьні Канстытуцыі:
«Абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта. Нам прыйдзецца ўзмацняць іншыя галіны ўлады — выканаўчую, заканадаўчую. Можа, пасьля сур'ёзнага аналізу трэба будзе нешта распачаць па выбарчай сыстэме: уводзіць прапарцыйную сыстэму або спыніцца на мажарытарнай».