Улады Туркмэністану забаранілі жыхарам краіны, старэйшым за 45 гадоў, езьдзіць паміж рэгіёнамі.
Пра гэта паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода са спасылкай на свайго карэспандэнта. Выданьне «Медия-Туркмен» сьцьвярджае, што забарону ўвялі для асобаў, старэйшых за 50 гадоў — ім забаронена выяжджаць з роднага гораду.
Паводле карэспандэнта Радыё Свабода, у Лепабскім вілаяце на ўсходзе краіны ўстановы аховы здароўя, паліцыя і іншыя афіцыйныя органы тлумачаць прычыны новых абмежаваньняў тым, што ў асобаў, старэйшых за 45 гадоў, слабы імунітэт і яны схільныя да інфэкцыйных захворваньняў. Верагодна, што забарону ўвялі з прычыны пандэміі каранавірусу, хоць улады Туркмэністану сьцьвярджаюць, што ў краіне няма ніводнага інфікаванага.
На пачатку лістапада ў Туркмэністане забаранілі перамяшчацца паміж рэгіёнамі без паважнай прычыны, забарона дзейнічае да 2021 году. У сакавіку ў краіне быў спынены чыгуначны і аўтобусны транспарт, перакрылі шматлікія аўтадарогі паміж буйнымі гарадамі. У жніўні ўвялі абавязковае нашэньне масак — паводле афіцыйнай вэрсіі, праз павышаную канцэнтрацыю пылу ў паветры.