Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі рынак працы больш адкрываецца для беларусаў


Беларусы Польшчы пратэстуюць супраць рэпрэсій у Беларусі каля амбасады РБ у Варшаве, 21 чэрвеня 2020 году
Беларусы Польшчы пратэстуюць супраць рэпрэсій у Беларусі каля амбасады РБ у Варшаве, 21 чэрвеня 2020 году

З 1 сьнежня беларусам, якія прыяжджаюць у Польшчу па гуманітарнай візе, а таксама ІТ-спэцыялістам і лекарам, больш ня трэба будзе зьвяртацца па дазвол на працу ў гэтай краіне, піша Rzeczpospolita.

Усяго праз тыдзень уступяць у сілу правілы, якія значна палегчаць прафэсійны старт у Польшчы для спэцыялістаў зь Беларусі. Як даведалася Rzeczpospolita, 1 сьнежня мае быць апублікаваная (і ўступіць у сілу) папраўка да пастановы міністра разьвіцьця, працы і тэхналёгіяў, якая вызваляе ад абавязку атрымліваць дазвол на працу беларусаў, якія знаходзяцца ў Польшчы на падставе так званых гуманітарных візаў, лекараў і мэдсясьцёр, а таксама беларускіх ІТ-спэцыялістаў, якія прыяжджаюць у Польшчу ў рамках праграмы Poland Business Harbour.

Распараджэньне будзе дапоўненае абноўленым законам аб замежніках, які ўступае ў сілу на пачатку сьнежня і які адмяніў забарону на працу для замежнікаў з так званымі гуманітарнымі візамі.

Польшча чакае лекараў

Апошнім часам беларусы ахвотна карысталіся гуманітарнымі візамі: паводле дадзеных Міністэрства разьвіцьця, да канца кастрычніка сёлета было выдадзена каля 1,9 тыс. такіх візаў, якія, аднак, не давалі права працаваць у Польшчы. Ад 1 сьнежня гэтая забарона будзе скасаваная. Спэцыялісты мяркуюць, што новыя правілы значна паскораць прафэсійны старт імігрантаў зь Беларусі.

Пастанова міністэрства прадугледжвае вызваленьне ад неабходнасьці атрымліваць дазвол на працу таксама для лекараў і мэдсясьцёр, але ў выпадку мэдыкаў яшчэ большым бар’ерам можа стаць доўгая працэдура настрыфікацыі дыплёмаў.

Палёгкі пры працаўладкаваньні лекараў з-за межаў ЭЗ, асабліва зь Беларусі і Ўкраіны, увядзе таксама ў сьнежні т. зв. «ковідны акт», які дазволіць ім пачаць працу са згоды міністра аховы здароўя бяз поўнага прызнаньня дыплёмаў На гэта разьлічваюць многія кіраўнікі польскіх шпіталяў.

Патэнцыял у ІТ

Томаш Багдэвіч, генэральны дырэктар агенцтва занятасьці Gremi Personal, сьцьвярджае, што ад пачатку масавых пратэстаў у Беларусі назіраецца відавочны рост цікавасьці да працаўладкаваньня ў Польшчы. За апошні месяц колькасьць зваротаў павялічылася прыблізна ў дзесяць разоў, кажа ён.

На гэты момант 20 працэнтаў заяўнікаў маюць гуманітарныя візы, і гэтая колькасьць пастаянна расьце. Беларусы, якія прыяжджаюць на працу ў Польшчу, у асноўным добра валодаюць польскай мовай, у многіх зь іх таксама ёсьць карта паляка.

Часьцей за ўсё іх набіраюць у сфэру паслугаў, харчовую і лягістычную прамысловасьць, але спэцыялісты адзначаюць патэнцыял і ў такіх галінах, як прамысловая вытворчасьць і ІТ.

Гэты патэнцыял будзе прасьцей выкарыстоўваць дзякуючы новым правілам. Яны павінны стаць стымулам для беларускіх ІТ-спэцыялістаў і прадпрымальнікаў, якія могуць прыехаць у Польшчу зь верасьня ў рамках праграмы Poland Business Harbour.

Да канца кастрычніка прыблізна 1,3 тысячы такіх людзей атрымалі польскія візы, якія, аднак, не вызвалялі іх ад падачы заявы на дазвол на працу. Цяпер гэты бар’ер зьнікне для беларускіх ІТ-спэцыялістаў, якія ўсё часьцей падаюць заяўкі на працаўладкаваньне ў Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG