Камандаваньне 7-га флёту Вайскова-марскіх сілаў ЗША пракамэнтавала інцыдэнт з удзелам амэрыканскага эсьмінца «Джон Маккейн» у затоцы Пятра Вялікага ў Японскім моры.
Амэрыканскі бок ня згодны са сьцьвярджэньнямі Міністэрства абароны Расеі, нібыта эсьмінец парушыў мяжу тэрытарыяльных водаў РФ. У заяве камандаваньня 7-га флёту сказана, што ЗША, насуперак пазыцыі Масквы, не прызнаюць затоку Пятра Вялікага тэрытарыяльнымі водамі Расеі, а лічаць яе міжнароднымі водамі, у адпаведнасьці зь міжнародным марскім правам. Таму эсьмінец «Джон Маккейн» наўмысна ўвайшоў у гэтыя воды, каб прадэманстраваць прыхільнасьць ЗША свабодзе суднаходзтва ў міжнародных водах.
Раней у Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што амэрыканскі эсьмінец раніцай у аўторак парушыў тэрытарыяльныя воды РФ у затоцы Пятра Вялікага, «паглыбіўшыся за лінію марской мяжы на 2 км». Пасьля гэтага расейскі карабель «Адмірал Вінаградаў» «па міжнародным канале сувязі папярэдзіў амэрыканскі эсьмінец аб недапушчальнасьці такіх дзеяньняў і магчымасьці прымяненьня тараннага манэўру». Паведамляецца, што пасьля гэтага «Джон Маккейн» «выйшаў у нэўтральныя воды».
Затока Пятра Вялікага, на беразе якой, у прыватнасьці, разьмешчаны горад Уладзівасток, была прызнаная ўнутранымі тэрытарыяльнымі водамі пастановай Савету міністраў СССР. Злучаныя Штаты і шэраг іншых краін, аднак, не прызнаюць гэты статус — за межамі звычайнай 12-мільнай зоны ўздоўж расейскага ўзьбярэжжа.
Эсьмінец «Джон Маккейн» быў названы ў гонар двух адміралаў амэрыканскага флёту — бацькі і дзеда вядомага сэнатара, цяпер нябожчыка Джона Маккейна.