Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я адчуў шчыпок». За «гвалт над міліцыянтам» судзілі лекарку з Калінкавічаў


Беларускі міліцыянт, сьпіна. Зьнята падчас акцыі пратэсту ў Бараўлянах, жнівень 2020. Ілюстрацыйнае фота.
Беларускі міліцыянт, сьпіна. Зьнята падчас акцыі пратэсту ў Бараўлянах, жнівень 2020. Ілюстрацыйнае фота.

Лекарку-пэдыятра Алену Б. судзілі за «гвалт над міліцыянтам» (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу). Пад крымінальны перасьлед жыхарка райцэнтру трапіла праз тое, што бараніла пры затрыманьні свайго мужа, рэаніматоляга, і ўкусіла за сьпіну міліцыянта Віталя К.

Судовыя паседжаньні адбыліся ў Сьветлагорску.

«Я не разумела — чаму яны так робяць?»

Падзеі разьвіваліся 10 жніўня ў цэнтры Калінкавічаў. Тут сабраліся людзі, якія пратэставалі супраць міліцэйскага гвалту. Былі там і Алена з мужам. Рэаніматоляга затрымала міліцыя, забралі і Алену. «У міліцэйскай машыне я бачыла, як жорстка „круцілі“ майго мужа. Яму заламалі рукі, схапілі за валасы і нахілялі галаву паміж ягоных ног. Галаву схілялі амаль да падлогі. Я не разумела — чаму яны так робяць? Прасіла яго адпусьціць, я спрабавала неяк дапамагчы мужу, бо ў яго траўма вока зь дзяцінства. Мне таксама круцілі рукі. Я, так атрымалася, каб неяк адпусьцілі мужа, укусіла за сьпіну міліцыянта. Ён пасьля ўкусу ніяк не адрэагаваў», — казала на судзе Алена.

«Адчуў шчыпок. Цярпеў»

Міліцыянт казаў на судзе, што спачатку і не зразумеў, што жанчына яго ўкусіла. «Я адчуў у раёне сьпіны нейкі шчыпок», — сьведчыў ён. Іншыя міліцыянты, ягоныя калегі, сьведчылі, што пры затрыманьні лекараў ён ня скардзіўся ім, нічога не казаў. «Я цярпеў!» — патлумачыў міліцыянт на судзе сваё маўчаньне.

Потым, дома, ён заўважыў, што на сьпіне ёсьць невялікая гематома. Расказаў пра гэта начальству. Тыя параілі пісаць заяву. Так пачалася крымінальная справа.

На судзе міліцыянт патрабаваў спагнаць з абвінавачанай кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 3 тысячы рублёў. Адвакатка Алены Б. прасіла патлумачыць: у чым менавіта заключаецца маральныя шкода? «Я перажываў. Можа, яна (лекарка. — РС) хворая на што-небудзь заразнае, можа, на ВІЧ ці каранавірус...» — разважаў міліцыянт.

Маральныя пакуты ацаніў у тры тысячы

Адвакатка заўважыла, што пры такіх перажываньнях ён мог здаць аналізы і што яе падабаронная рэгулярна праходзіць мэдычныя агляды, бо працуе зь дзецьмі.

«Каб я быў без абмундзіраваньня, то мог бы больш пацярпець, пракусіла б скуру. І мог бы заразіцца чым заўгодна», — казаў пацярпелы.

У перапынку падчас суду Алена добраахвотна перадала пацярпеламу 1200 рублёў. Той узяў, але з сумай не пагадзіўся — патрабаваў 3 тысячы.

У апошнім слове лекарка падкрэсьліла, што прызнае віну, раскаялася, прасіла прабачэньня ў міліцыянта, сплаціла яму маральную шкоду. «Мой муж пры затрыманьні крычаў ад болю, у мяне быў тады страх за яго... У той момант, калі я ўкусіла — я не кантралявала сябе, усё адбылося на фоне эмоцый і адрэналіну. Нягледзячы на гэта, мне сорамна, я прашу прабачэньня», — казала Алена.

Судзьдзя Галіна Гулевіч пакарала яе «хатняй хіміяй» тэрмінам на два гады (абмежаваньне свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу). У кампэнсацыі маральнай шкоды судзьдзя міліцыянту адмовіла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG