На пасаду кіраўніка амэрыканскай дыпляматыі будзе прапанаваны Энтані Блінкен, а Джанэт Елэн можа стаць першай жанчынай на чале Міністэрства фінансаў.
Абраны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ў аўторак прадставіць людзей, якіх ён плянуе вылучыць на найвышэйшыя пасады ў галіне дыпляматыі і нацыянальнай бясьпекі ў сваёй адміністрацыі.
Сярод іх — адзін з найбліжэйшых замежнапалітычных дарадцаў Байдэна Энтані Блінкен, якога ён бачыць сваім дзяржаўным сакратаром.
«Мы ня можам траціць часу, калі гаворка заходзіць аб нашай нацыянальнай бясьпецы і замежнай палітыцы, — сказаў Байдэн аб меркаваных прызначэньнях. — Мне патрэбна каманда, гатовая зь першага дня дапамагаць мне вярнуць Амэрыцы месца на чале стала, гуртаваць сьвет для вырашэньня самых вялікіх праблем, зь якімі мы сутыкаемся, разьвіваць нашу бясьпеку, садзейнічаць росквіту і прасоўваць нашы каштоўнасьці».
Паводле паведамленьняу СМІ, былая кіраўніца Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША, 74-гадовая Джанэт Елэн будзе вылучаная на пасаду міністра фінансаў. New York Times адзначае, што ў выпадку зацьвярджэньня Елэн стане першай жанчынай на чале гэтага міністэрства.
78-гадовы Байдэн рыхтуецца стаць 46-м прэзыдэнтам ЗША на інаўгурацыі 20 студзеня, нягледзячы на тое, што прэзыдэнт Дональд Трамп не пакідае спробаў аспрэчыць перамогу дэмакрата на выбарах 3 лістапада, хоць яго посьпех падаецца малаімаверным.
Мяркуючы па ўсім, піша «Голас Амэрыкі», Байдэн мае намер зноў увесьці ЗША ў некалькі глябальных альянсаў, ад якіх за апошнія чатыры гады адмовіўся Трамп.
58-гадовы Блінкен — вэтэран замежнай палітыкі ЗША, які на працягу двух дзесяцігодзьдзяў удзелльнічаў у прыняцьці рашэньняў. Многія СМІ адзначаюць, што ён згодны з Байдэнам у тым, што ЗША павінны зноў адыгрываць вядучую ролю ў сусьветных справах. Гэта азначае адыход ад крэда Трампа «Амэрыка перш за ўсё», з прычыны якога ЗША часам уступалі ў супярэчнасьць з даўнімі заходнімі саюзьнікамі.
Байдэн заявіў, што ў першыя дні на пасадзе прэзыдэнта ён плянуе адмяніць шэраг палітычных рашэньняў Трампа і зноў далучыцца да Парыскага пагадненьня аб клімаце, а таксама спыніць выхад ЗША з Сусьветнай арганізацыі здароўя. Паводле Байдэна, ён таксама паспрабуе далучыцца да ўдзельнікаў міжнароднага пагадненьня аб абмежаваньні ядзернай праграмы Ірану.
У панядзелак Упраўленьне службаў агульнага прызначэньня дазволіла Байдэну афіцыйна пачаць падрыхтоўку да транзыту ўлады. Гэта ўключае дазвол на ўрадавы дамэн для сайту і электроннай пошты, магчымасьць карыстацца фэдэральнымі офіснымі памяшканьнямі, а таксама дэталёвыя брыфінгі пра пагрозы бясьпецы і тайныя апэрацыі, а таксама допуск да сакрэтнай інфармацыі для супрацоўнікаў Байдэна.