Падчас сустрэчы з кiраўнiцай часовай адміністрацыі «Белгазпрамбанку» Надзеяй Ермаковай Аляксандар Лукашэнка заявіў, што банку не пагражае ліквідацыя, паведамляе sb.by.
Лукашэнка падзякаваў Ермаковай за тое, што «ў цяжкі пэрыяд яна змагла стабілізаваць сытуацыю».
«У гісторыю ўвойдзе гэты факт. Вельмі ўдзячны, — сказаў ён. — Проста хачу падкрэсьліць, што банк мы ні ў якім разе не будзем ліквідаваць, зьнішчаць, неяк пагаршаць працу гэтага банка. Наадварот, мы зробім усё для таго, каб банк функцыянаваў і прыносіў карысьць нашай дзяржаве».
Паводле Лукашэнкі, ён абмяркоўваў лёс «Белгазпрамбанка» з Уладзімірам Пуціным.
«Ён даслоўна мне заявіў аб тым, што банк павінен працаваць, навошта яго зьнішчаць. Тым больш што гаспадары гэтага банка вельмі багатыя людзі. Маецца на ўвазе „Газпрам“ і гэтак далей », — сказаў Лукашэнка.
У сярэдзіне сьнежня мінае тэрмін паўнамоцтваў часовай адміністрацыі, прызначанай Лукашэнкам. «І нам трэба разам сфармаваць кіраўніцтва банка, паколькі дзяржава робіць вельмі сур’ёзную стаўку на гэты банк», — сказаў ён Ермаковай.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
- Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
- 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «гэта адна шайка-лейка» і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
- Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
- 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.