Пасьля ўступленьня Джо Байдэна на пасаду прэзыдэнта ЗША сусьветную палітыку чакаюць прыкметныя перамены.
У тым ліку перамены могуць закрануць і так званы Вялікі Блізкі Ўсход — рэгіён, дзе ў XXI стагодзьдзі Злучаныя Штаты праводзілі пераважную частку сваіх ваенных апэрацый. У апошняе дзесяцігодзьдзе, пры адміністрацыі і Барака Абамы, і Дональда Трампа, афіцыйны Вашынгтон ня раз падкрэсьліваў імкненьне (магчыма, утапічнае) забясьпечыць там нарэшце палітычную і эканамічную стабільнасьць. А таксама жаданьне процідзейнічаць няўхільнаму росту ў рэгіёне экспансіі Расеі і Кітаю.
На пытаньні, ці зможа каманда Джо Байдэна даць рады гэтаму і як яна зьбіраецца гэта зрабіць, у інтэрвію Расейскай службе Радыё Свабода адказаў ваенна-палітычны аналітык агенцтва «Росбалт», усходазнавец Міхаіл Магід:
— Якую пазыцыю, імаверна, зойме новая амэрыканская адміністрацыя ў дачыненьні да сталага росту расейскай прысутнасьці на ўсім Вялікім Блізкім Усходзе? Калі разглядаць Паўднёвы Каўказ як несумненную частка Вялікага Блізкага Ўсходу, прыкметна было, што цяпер, на працягу ўсёй апошняй армяна-азэрбайджанскай вайны, увага Белага дому была паглынутая, натуральна, уласнымі праблемамі — прэзыдэнцкімі выбарамі і гэтак далей. І Вашынгтону не было справы да Карабаху, у адрозьненьне ад Масквы і Анкары.
— У мяне няма сумненьняў у тым, што тут будзе назірацца пэўная пераемнасьць з палітыкай адміністрацыі Трампа. І тут я, магчыма, выкажу непапулярны пункт гледжаньня і ў ЗША, і сярод расейскіх дэмакратаў: мне не здаецца, што Трамп праводзіў прарасейскую палітыку. Трамп вельмі шмат казаў пра сяброўства з Крамлём, так. Але ніякіх канкрэтных праяў гэтай дружбы не было.
Вашынгтон працягваў ўводзіць санкцыі супраць Масквы (у тым ліку сама адміністрацыя Белага дому), якія ўдарылі, да прыкладу, па «Паўночным патоку». Трамп, дарэчы, вясной 2018 году паставіў ПТРК «Джавэлін» (37 пускавых установак і 210 ракет), найноўшых пераносных процітанкавых ракетных комплексаў, Украіне. А я нагадаю, што «антырасейскі» на словах Барак Абама не хацеў пастаўляць Украіне сьмяротную зброю. Таму, шчыра кажучы, гэтыя ўсе развагі, што Трамп ледзь ня нейкі расейскі агент, я не прымаю, бо ня бачу пад гэтым ніякіх падстаў.
Трамп вясной 2018 году паставіў найноўшыя пераносныя процітанкавыя ракетныя комплексы Украіне. А «антырасейскі», на словах, Барак Абама не хацеў пастаўляць Украіне сьмяротную зброю
Дык вось, на мой погляд, адміністрацыя Джо Байдэна, вядома, будзе працягваць нэгатыўную лінію ў дачыненьні да расейскай замежнай палітыкі, якая нават можа пагоршыцца. Таму што многія дэмакраты шчыра лічаць, што Расея ня проста ўмешвалася ў выбары ЗША, а што проста спрыяла перамозе Трамп на мінулых выбарах. І таму палітыка Байдэна ў дачыненьні да Расеі будзе дастаткова жорсткай. Масква разглядаецца ім як праціўнік, як апанэнт, ва ўсякім выпадку.
І, натуральна, гэта будзе ярка выяўлена на ўсім Блізкім Усходзе. Магчыма, у форме нейкіх новых санкцый, нейкіх спробаў выцясьненьня Расеі з розных рэгіёнаў. Тут ёсьць вельмі важны момант, якраз зьвязаны з Турэччынай. Калі адміністрацыя Байдэна, для якой крытычна важнае пытаньне аб правах чалавека, сапраўды будзе праводзіць гэтую лінію, гэта адначасова ударыць і па Пуціну, і па Эрдагану.
І вось тут магчымыя далейшыя нечаканасьці. Калі сапраўды пачнецца пахаладаньне ў адносінах Вашынгтону і Анкары, Турэччына можа ў адплату зблізіцца з Расеяй. Гэта ж клясычная тактыка Эрдагана: калі ў яго канфлікты з Расеяй, ён збліжаецца з ЗША, калі ён сустракае ціск з боку ЗША, ён ідзе насустрач Расеі. І калі адміністрацыя Байдэна акажацца недастаткова прагматычнай, калі яна пачне аказваць сур’ёзны ціск на Турэччыну, уводзіць санкцыі, то Анкара цалкам можа пайсьці на выгадныя Расеі ўгоды аб Паўднёвым Каўказе, Лібіі, Сырыі, наогул на якія заўгодна.
З другога боку, калі будзе ў той ці іншай форме працягвацца лінія на заахвочваньне дзеяньняў Турэччыны на Каўказе ці ў іншых рэгіёнах Блізкага Ўсходу, тады будуць нарастаць праблемы паміж Турэччынай і Расеяй. І вось тады ўсё гэта можна будзе разглядаць і як частку антырасейскай амэрыканскай палітыкі.
Я б сказаў, што турэцкае пытаньне ў расейска-амэрыканскіх адносінах наогул можа стаць цэнтральным, што часта недаацэньваецца. Турэччына ж ня толькі знаходзіцца на іншым ад Масквы баку ў армяна-азэрбайджанскай вайне, у лібійскай вайне, у сырыйскай вайне. Эрдаган, напрыклад, цяпер актыўна выбудоўвае стратэгічнае вайскова-прамысловае партнэрства з Украінай. Турэцкія і ўкраінскія ВПК інтэгруюцца. Гэта ў будучыні можа перарасьці і ў ваеннае партнэрства.
Таму вельмі многае залежыць ад таго, якой будзе палітыка Вашынгтону і ў дачыненьні да Турэччыны на Блізкім Усходзе, і да Расеі. І ў залежнасьці ад таго, наколькі манэўранай, наколькі прадуманай будзе палітыка ЗША, Турэччына і Расея могуць або зблізіцца, або аддаліцца адна ад адной.