У Літву з асаблівых гуманітарных прычынаў дазволена прыбыць 653 беларускім грамадзянам, паведаміла ў панядзелак агенцтва BNS са спасылкай на літоўскае Міністэрства ўнутраных спраў.
Гэтае выключэньне выкарыстоўваецца з 11 верасьня. З гэтых асобаў 246 ужо ў Літве, 53 папрасілі прыстанішча.
Такі дазвол міністра ўнутраных справаў выдаецца на падставе матываванай прапановы Мністэрства замежных спраў аб прыезьдзе іншаземца ў Літву з асаблівых гуманітарных прычынаў, палітычных абставінаў або іншых пагрозаў. Дазволы выдаюцца пацярпелым ад рэжыму і рэпрэсій грамадзянам Беларусі, актыўным прадстаўнікам апазыцыі.
«Пратэсты ў Беларусі не супакойваюцца ўжо чатыры месяцы, усё больш людзей хочуць прыбыць у Літву, і расьце колькасьць тых, хто просіць прыстанішча. Мы пастаянна забясьпечваем зладжаны працэс выдачы дазволаў з тым, каб у людзей не было перашкод прыбыць туды, дзе яны адчуваюць сябе ў большай бясьпецы», — адзначыла часовы міністар унутраных спраў Рыта Тамашунене.
Грамадзяне Беларусі, якія жадаюць прыехаць у Літву з асаблівых гуманітарных прычынаў, павінны зьвяртацца ў амбасаду Літвы ў Беларусі і падаць інфармацыю, якая пацьвярджае наяўнасьць адмысловых гуманітарных прычын.