Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне ўвядуць абавязковыя гендэрныя квоты для кіраўніцтва публічных кампаній


Міністар Нямеччыны Крыстына Лямбрэхт (другая справа)
Міністар Нямеччыны Крыстына Лямбрэхт (другая справа)

Згодна з законапраектам, узгодненым хрысьціянскімі дэмакратамі і сацыял-дэмакратамі, у рады дырэктараў, якія складаюцца больш чым з трох чалавек, павінна будзе уваходзіць як мінімум адна жанчына, паведамляе Financial Times.

Як адзначае газэта, сыстэма добраахвотных абавязаньняў у справе дасягненьні гендэрнай роўнасьці, уведзеная ў Нямеччыне ў 2015 годзе, не прынесла вынікаў.

Пагадненьне дзьвюх партый таксама прадугледжвае ўвядзеньне 30-працэнтнай долі жанчын у радах дырэктараў кампаній, у якіх дзяржаве належыць мажарытарная доля, а таксама гендэрных квот для дзяржаўных устаноў.

Змагары за гендэрную роўнасьць віталі гэтыя захады, аднак кампаніі раней заяўлялі, што ўвядзеньне квот зьяўляецца ўмяшаньнем у іх ўнутраныя справы. Яны таксама адзначалі недахоп вартых кандыдатак на высокія пасады.

Доля жанчын у кіраўніцтве кампаній, якія ўваходзяць у індэкс DAX, цяпер складае 12,8%, сьведчаць дадзеныя AllBright Foundation. У ЗША гэты паказьнік складае 28,6%, у Швэцыі — 24,9%, у Вялікай Брытаніі — 24,5%. Акрамя гэтага, у Нямеччыне назіраецца скарачэньне колькасьці жанчын на найвышэйшых кіроўных пасадах. Іх колькасьць упала да 23 у пачатку верасьня сёлета ў параўнаньні з 29 летась. З улікам сярэдніх і малых кампаній, якія ўваходзяць у разьлік індэксаў MDAX і SDAX, доля жанчын на кіруючых пасадах 160 публічных нямецкіх кампаній складае 10%. Пры гэтым жанчыны не прадстаўленыя ў кіраўніцтве 11 кампаній з DAX.

Законапраект, які абмяркоўваўся працоўнымі групамі ад партый кіроўнай кааліцыі, будзе прадстаўлены кіраўніцтву партый для ўхваленьня на гэтым тыдні і прыняты ў наступныя месяцы, паведамілі ў міністэрстве юстыцыі Нямеччыны.

«Мы даем кваліфікаваным і матываваным жанчынам магчымасьці, якіх яны вартыя», — заявіла міністарка юстыцыі Крыстына Лямбрэхт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG