Сярод фінансавых дырэктараў беларускіх кампаній пераважаюць пэсымістычныя настроі, сьведчаць вынікі дасьледаваньня, якое правяла ў Беларусі кампанія «Дэлойт».
Збор дадзеных прайшоў у другой палове верасьня і першай палове кастрычніка 2020 году. У дасьледаваньні прынялі ўдзел 37 рэспандэнтаў — фінансавых дырэктараў, якія прадстаўляюць ключавыя сэктары эканомікі. Зьвесткі зьбіраліся шляхам онлайн-анкетаваньня і інтэрвію з экспэртамі.
«Большасьць прадстаўнікоў бізнэсу ў Беларусі (52%) чакаюць нэгатыўных зьменаў у фінансавым становішчы кампаніі, што ў асноўным абумоўлена бягучай эпідэміялягічным і палітычным становішчам, а таксама глябальным эканамічным спадам», — гаворыцца ў справаздачы, падрыхтаванай на падставе дасьледаваньня.
Пры гэтым 24% апытаных фінансавых дырэктараў выказалі здагадку, што сытуацыя ня зьменіцца, і столькі ж апытаных чакаюць яе паляпшэньня.
Доля фінансавых дырэктараў, якія ацэньваюць бягучую эканамічную і палітычную сытуацыю як няпэўную, склала 97%.
«Дэлойт» — адна зь вядучых міжнародных фірмаў, якая прапаноўвае паслугі ў галіне аўдыту, кансалтынгу, фінансавага кансультаваньня, кіраваньня рызыкамі і кансультаваньня аб падаткаабкладаньні і праве. Кампанія працуе ў больш як 150 краінах.