Пасьля 7 дзён арышту на свабоду ня выйшла апэратарка тэлеканалу «Белсат» Дар’я Чульцова. 15 лістапада яна працавала разам зь іншай журналісткай «Белсату» Кацярынай Андрэевай над стрымам з Плошчы Перамен. Іх разам затрымалі і судзілі ў адзін дзень. Абедзьве тады атрымалі па 7 дзён арышту.
Як піша намесьнік дырэктара Белсату Аляксей Дзікавіцкі, адвакат Дар'і Чульцовай даў падпіску аб неразгалошваньні, але ёсць падставы меркаваць, што Чульцову абвінавачваюць у тым жа самым, што і Андрэеву, гэта значыць паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Паводле гэтага абвінавачаньня мінімальна пагражае штраф, максымальна — пазбаўленьне волі на тры гады.
Раней Андрэевай прад’явілі абвінавачаньне па гэтым артыкуле. Журналістцы была абраная мера стрыманьня — два месяцы арышту.
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, з пачатку 2020 году зафіксаваныя рэпрэсіі супраць больш як 500 журналістаў, а з 9 жніўня — 360 супрацоўнікаў СМІ затрымалі.
Паводле БАЖ, на сёньня за кратамі 22 журналісты:
- Кацярына Андрэева
- Ян Аўсеюшкін
- Яўген Бузук
- Сяргей Гадзяеў
- Алег Грузьдзіловіч
- Ігар Карней
- Аляксандра Квіткевіч
- Марына Кастылянчанка
- Уладзіслаў Кулецкі
- Міхаіл Кунцэвіч
- Максім Лаўрэцкі
- Андрэй Ломаў
- Арцём Лява
- Кацярына Мядзьведзева
- Максім Несьцяркоў
- Раман Папкоў
- Андрэй Рабчык
- Раман Чмель
- Дар'я Чульцова
- Яўген Шапчыц
- Андрэй Шаўлюга
- Марыя Ярома