У сацыяльных сетках зьявілася шмат відэа супрацьстаяньня пратэстоўцаў і сілавікоў 22 лістапада. На іх сярод іншага бачна, як удзельнікі пратэстаў адбіваюць сваіх паплечнікаў ад сілавікоў у балаклавах.
Чытачы Свабоды прыслалі відэа з менскага мікрараёну Паўднёвы Захад, дзе людзі не разьбегліся пры зьяўленьні сілавікоў у чорным, і тыя вымушаныя былі зьехаць без масавых затрыманьняў. Людзей было болей, чым сілавікоў.
Яшчэ адно відэа зафіксавала, як людзі выбеглі на праездную частку праспэкта Незалежнасьці ў Менску, непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі, дзе на асфальце сілавікі ўтрымлівалі дэманстранта.
Людзі змаглі падняць затрыманага і бясьпечна вярнуцца на тратуар.
На трэцім відэа бачна, як жыхары менскага мікрараёну Паўднёвы Захад адбілі дзяўчыну ў сілавікоў. Супраць пратэстоўцаў ужылі спэцсродкі, але тыя не адступіліся.