Зьявілася відэа з Савецкага РУУС Менску, куды сілавікі прывезьлі грамадзян, затрыманых на 15-м нядзельным маршы супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту.
На відэа невядомы ў цывільным цягне затрыманага грамадзяніна з будынку, пры гэтым іншых людзей ужо паставілі да сьценкі і прымусілі трымаць рукі ўгору.
Цягам апошніх месяцаў было шмат заяваў пра катаваньні ў РУУС і турмах. У Сьлеччы камітэт было пададзена больш за 2000 скаргаў на катаваньні. Некалькі людзей загінулі. Ніводнай крымінальнай справы па гэтых фактах не заведзена.
Пасьля затрыманьня ў Цэнтральным РУУС Менска памёр зьбіты актывіст Раман Бандарэнка, якога невядомыя ў цывільным выкралі ля ягонага дому на «плошчы Перамен» у Менску. Крымінальнай справы па факце гэтага забойства таксама няма, затое завялі справу на лекара і журналіста, якія апублікавалі зьвесткі пра стан пабітага актывіста.