У дзіцячай інфэкцыйнай лякарні Менску па стане на 17.30 застаюцца на лячэньні дзевяць навучэнцаў сярэдняй школы № 61. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
«Спэцыялісты паліклінік гораду трымаюць на кантролі здароўе 43 дзяцей, у тым ліку і тых, якія пасьля выпіскі знаходзяцца пад назіраньнем у хатніх умовах. Стан здароўя большасьці малых пацыентаў ужо не выклікае асьцярог», — сказалі ў Міністэрстве аховы здароўя.
20 лістапада навучэнцы сярэдняй школы № 61 Менску пачалі масава зьвяртацца ў мэдпункт. У школу выклікалі брыгады хуткай дапамогі, якія ўжо на месцы аказалі мэдычную дапамогу пацярпелым.
Менавіта ў гэтай школе, як паведамляе «Эўрарадыё», афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і вынікі паводле плятформы «Голас» адрозьніваюцца ў 10 разоў.
У пратаколе выбарчай камісіі, якая складалася з настаўнікаў школы, Ціханоўскай запісалі 244 галасы. У той жа час, па інфармацыі плятформы «Голас», за яе на гэтым участку прагаласавала 2570 чалавек, зь якіх 1817 пацьвердзілі гэта фатаграфіямі бюлетэняў.