Дзярждума Расеі разгледзіць законапраект, які прадугледжвае блякаваньне замежных сацыяльных сетак і іншых сэрвісаў за абмежаваньне доступу да матэрыялаў расейскіх СМІ.
Дакумэнт унесены групай дэпутатаў дзьвюх палат парлямэнту 19 лістапада. Аўтары адрэагавалі на мадэрацыю сеткамі акаўнтаў расейскіх дзяржаўных СМІ.
Законапраект уводзіць статус уладальніка інфармацыйнага рэсурсу, датычнага да парушэньняў асноўных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна Расеі. У выпадку прызнаньня інтэрнэт-сайта парушальнікам правоў і свабодаў Генпракуратурай паводле ўзгадненьня зь Міністэрствам замежных спраў, Раскамнаглядам дазваляецца яго поўная або частковая блякіроўка.
У тлумачальнай запісцы адзначаецца, што дэпутатам вядома пра «каля 20 фактаў дыскрымінацыі» расейскіх дзяржаўных выданьняў RT, «РІА Навіны» і «Крым 24». Аўтары называюць гэта цэнзурай.
Раней Раскамнагляд ужо крытыкаваў сацыяльныя сеткі YouTube, Facebook і Twitter за прымяненьне агульных правілаў да расейскіх выданьняў. Раскамнагляд назваў цэнзурай ўзроставыя абмежаваньні YouTube для фільма «Расеі-1» пра захоп школы ў Бэслане. Крытыкаваў «частыя выпадкі» маркіровак і папярэджаньняў для відэа, разьмешчаных у сэрвісе. І некалькі разоў накіроўваў у адрас Facebook, Google і Twitter патрабаваньні спыніць маркіроўку ў дачыненьні да расейскіх дзяржаўных СМІ.