Беларускі пратэст, які працягваецца апошнія сто дзён — гэта няспынны акт зьмены грамадзтва. З галоўным лёзунгам «Грамадзянамі звацца!» За сто дзён насельніцтва ператварылася ў грамадзянскую супольнасьць, а ўсё разам дафармавала беларусаў як нацыю.
Сьцісла
- Канчаткова дафармавалася нацыя.
- Насельніцтва за сто дзён прайшло курс маладой грамадзянскай супольнасьці.
- Закладзены асновы самакіраваньня і наагул лякальных супольнасьцяў.
- Пытаньне сымболікі закрытае раз і назаўсёды.
- Прышчэпка ад дыктатуры зробленая на многія дзесяцігодзьдзі.
«Пратэст ня зьдзьмуўся, ён прарос у людзей». Гэтую фразу я ўбачыў у камэнтарах адной з дыскусій у фэйсбуку. «Яго (трымальніка дзяржаўнай улады) трэба будзе не судзіць, трэба будзе аддаць людзям», — эмацыйна гаворыць настаўніца маме школьніка падчас абмеркаваньня бягучых справаў у клясе. Настаўніца ня ходзіць на акцыі, але пратэст яе поўніць знутры і будзе кіраваць ёю паўсюль, дзе яна сутыкаецца зь цяперашняй дзяржаўнай сыстэмай.
«Як так можна доўга хадзіць і не стамляцца?» — пыталіся ў мяне знаёмыя іншаземцы пра нядзельныя маршы. Адказваю: «Бо людзі так доўга жылі, нібы пад адміністрацыйным арыштам, што раз на тыдзень ім проста ў радасьць адчуць сябе цалкам вольнымі».
Калі глядзець з-за мяжы, то бачыш на экранах сацыяльную ці палітычную групу, якая дамагаецца нейкіх сваіх патрабаваньняў. Напрыклад, зьвязаных з несправядліва падлічанымі галасамі на выбарах.
Але «Беларускі працэс» ужо даўно не пра выбары. «Лукашэнка, сыходзь!» — гэта пра ўсю сыстэму, якую ён збудаваў. Сыстэму гвалту і беспакаранасьці.
Ад 9 жніўня 2020 году выходзяць людзі самых розных палітычных поглядаў, якія ў дэмакратычных рэаліях будуць галасаваць за розныя партыі. Але цяпер усе зьяднаныя разам, бо спачатку ў краіну мусіць вярнуцца Закон.
Цяпер людзі жывуць, нібы падчас акупацыі, якую ўсе збольшага ўяўляюць па фільмах пра Другую сусьветную. А шмат хто са старэйшых беларусаў ведае пра акупацыю зь першых вуснаў — ад сваіх бацькоў і дзядоў-бабуляў.
Спыніць на вуліцы, каб залезьці ў торбу ці запатрабаваць паказаць зьмесьціва мабільніка — гэта пра акупацыю. «Перастарацца» і беспакарана забіць да сьмерці — гэта акупацыя. Катаваць невыноснымі ўмовамі ў камэрах, не даваць мэдычнай дапамогі, біць і калечыць — гэта пра акупацыю. «Не забудзем, не даруем!» і «Ніколі зноў!» — гэта лёзунгі, якія ў будучай дэмакратычнай Беларусі будуць вывучаць на ўроках гісторыі. Прышчэпка ад дыктатуры мусіць быць зробленая ўсур’ёз і надоўга.
Спачатку агульная радасьць (відавочная перамога незалежнай кандыдаткі), а пасьля агульная бяда (панаваньне на вуліцах узброеных фармаваньняў у балаклавах і без апазнавальных знакаў) зьядналі беларусаў. Зьядналі пад Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам. Усенародны рэфэрэндум аб сымболіцы адбыўся зноў.
Важна падкрэсьліць, што ад вясны 2020 году штабы «альтэрнатыўных кандыдатаў» абыходзілі тэму нацыянальнага, але людзі самі зрабілі свой выбар. Цяпер «БЧБ» ня проста гісторыя, у тым ліку найноўшая. Гэта сьцяг, пад якім змагалася большасьць беларусаў за сваю свабоду як грамадзянаў, як людзей.
«Большасьць» — слова 2020 году, на мой погляд. Тыя, хто змагаўся за грамадзянскае і нацыянальнае папярэднюю чвэрць стагодзьдзя, сталіся большасьцю. І гэтая большасьць выстройвае свае гарызантальныя сувязі дзякуючы новым інфармацыйным тэхналёгіям. І, галоўнае, жаданьню яднацца дзеля рэалізацыі агульных мэтаў. Ад дваровых суполак — да лякальных супольнасьцяў.
Ёсьць думка, агучаная рознымі аналітыкамі, што беларусы сталіся першымі. Першымі ў справе зьмены структуры грамадзтваў. Магчыма, піраміды ўлады ў будучыні адпадуць, а кіраваць будуць гарызантальныя — грамадзкія супольнасьці.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.