100 дзён працягваюцца ў Беларусі масавыя пратэсты нязгодных з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Чаму людзі выходзяць на вуліцы? Пра гэта Свабода спыталася ў былых кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрыева, Ганны Канапацкай і Сяргея Чэрачня.
«Пратэсты не спыняюцца, бо людзей ня чуюць»
Андрэй Дзьмітрыеў робіць штодзённыя стрымы пра сытуацыю ў краіне, сам бярэ ўдзел у акцыях пратэсту. Ён лічыць, што цяпер вельмі актуальны лёзунг пра вяртаньне закону ў краіну.
«Не павінна быць сіла і беззаконьне, павінен працаваць закон. Трэба патрабаваць завесьці справы супраць тых, хто забіў Рамана Бандарэнку, і тых, хто датычны да гвалту над іншымі людзьмі. Нам патрэбен дыялёг, у якім ёсьць месца кожнаму беларусу, а ня толькі аднаму».
Дзьмітрыеў кажа, што людзі знаходзяць розныя формы, каб зноў зьбірацца, праяўляць салідарнасьць, сваю пазыцыю, і гэта варта рабіць далей.
«Пратэсты не спыняюцца, бо людзей ня чуюць. Яны масава пачалі выходзіць супраць дзьвюх рэчаў: фальсыфікацыі выбараў, а таксама беззаконьня ды гвалту супраць мірных людзей. Ні па адным з гэтых прынцыповых пытаньняў нічога ня зроблена. Мы бачым адвольныя затрыманьні і жахлівае забойства Рамана Бандарэнкі, мы бачым, што людзі, якія прыкрываюцца пагонамі, нікому не падкантрольныя: ні ўладзе, ні закону. Супраць гэтага людзі будуць выходзіць; могуць мяняцца фарматы, але гэта ня скончыцца».
Паводле Дзьмітрыева, «далей будзе перамога».
«Упершыню за 26 гадоў улада сама разбурае падмурак беларускай сьвядомасьці: парадак, бясьпеку і закон. Таму ў гэтым няма ніякай пэрспэктывы. Найлепшым выйсьцем быў бы сапраўдны дыялёг аб тым, што грамадзтва лічыць важным».
«Вучыць сілавікоў змагацца з вуліцай я не зьбіраюся»
Ганна Канапацкая цяпер займаецца партыйным будаўніцтвам і працуе над зьменамі ў Канстытуцыю. У акцыях пратэсту яна ня ўдзельнічае.
«Я гатовая браць удзел у гэтых акцыях і нават іх узначаліць толькі ў тым выпадку, калі яны будуць мець сапраўды праэўрапейскі, палітычны характар, будуць скіраваныя на зьмену рэжыму, а не на замену адной крамлёўскай марыянэткі другой. А ствараць масавую карцінку ці ўмацоўваць дыктатуру ды вучыць сілавікоў змагацца з вуліцай я не зьбіраюся».
Паводле Ганны Канапацкай, «Лукашэнка не баіцца вуліцы, яна яму патрэбна, каб вычысьціць пратэставыя настроі».
«На жаль, пратэст не выстаўляе ніякіх палітычных патрабаваньняў і ня мае яркага нацыяналістычнага, нацыянальнага характару. Выкарыстаньне бел-чырвона-белых сьцягоў ня значыць, што пратэст сапраўды накіраваны на падтрымку незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі».
Паводле Ганны Канапацкай, людзі выходзяць не таму, што яны супраць Лукашэнкі і сыстэмы.
«Яны выступаюць супраць чыноўнікаў, якія забіваюць цьвікі ў века труны Лукашэнкі. За 26 гадоў дыктатуры людзі ня бралі ўдзелу ў прыняцьці рашэньняў ні на адным з узроўняў і сёньня проста выказваюць сваю незадаволенасьць, але ня больш за тое. Апроч таго, існуюць зьнешнія сілы, якія спрабуюць падаграваць гэты працэс, хоць гэта не заўсёды ў іх атрымліваецца».
Паводле Ганны Канапацкай, пратэсты ўжо «ідуць на спад».
«Улада падагравае пратэставыя настроі»
Сяргей Чэрачань кажа, што пэрыядычна ходзіць на вулічныя акцыі, хоць апошнія прапусьціў. Ён лічыць, што «ўлада пастаянна падагравае пратэсты і сама сябе падстаўляе».
«Пратэсты не спыняюцца толькі з адной прычыны: у людзей адабралі права голасу, пакрыўдзілі, прынізілі, зьняважылі. Людзей прынізілі і пабілі. Такія раны загойваюцца вельмі доўга. А з улікам таго, што ўлада робіць новыя раны, дае новыя падставы для абурэньня і нязгоды, пратэсты будуць працягвацца, пакуль не перамогуць людзі».
Паводле Чэрачня, грамадзяне цяпер патрабуюць правасудзьдзя над тымі, хто перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы, бясчынстваваў і зьдзекаваўся зь людзей.
«Тая сваволя і бясчынствы, якія цяпер творацца, прымушаюць людзей, нават вельмі стомленых; тых, хто баіцца і разумее, што можа страціць працу; можа быць зьнявечаны ці страціць жыцьцё, усё роўна выходзіць, бо ўлада падагравае пратэставыя настроі».
Пакуль, паводле Чэрачня, дыялёгу з уладамі не атрымаецца.
«Мы яшчэ доўга будзем у пэўным супрацьстаяньні, пакуль да ўладаў ня дойдзе, што трэба сядаць за стол перамоваў і размаўляць з людзьмі не з пазыцыі наглядчыка, як яны цяпер робяць. Хутчэй за ўсё, яны пойдуць на перамовы, калі трэба будзе ўжо дамаўляцца пра ўмовы іхнай капітуляцыі. Пакуль яны гэтага не зразумеюць, будуць гнуць сваю лінію».