За больш чым тры месяцы палітычнага крызісу ў Беларусь прагучала мноства заяваў з боку заходніх палітыкаў і кіраўніцтва Расеі наконт таго, як гэты крызіс мае вырашацца. Вось некаторыя зь іх.
Захад
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон:
27 верасьня: «Гэта крызіс улады, аўтарытарнай улады, якая ня можа прыняць лёгіку дэмакратыі і спрабуе ўтрымацца пры дапамозе сілы. Відавочна, што Лукашэнка павінен сысьці».
29 верасьня: «Мы ўжо цалкам выразна заяўлялі, пачынаючы ад жніўня, што лічылі б памылкай і недапушчальнай правакацыяй, калі б Расея ўмяшалася з выкарыстаньнем вайсковых або паліцэйскіх сіл. Гэта павінна заставацца справай Беларусі, а ня быць умяшаньнем яе суседзяў, і мы ўсе разам павінны весьці справу да такога пасярэдніцтва», — дадаў францускі лідэр.
Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель:
30 верасьня: «Мы не прызнаем абраньне прэзыдэнта Лукашэнкі, мы заклікаем яго пачаць дыялёг з уласным народам без умяшаньня Захаду або Ўсходу», — сказала канцлер Нямеччыны.
Віцэ-канцлер і міністар фінансаў Нямеччыны Оляф Шольц:
7 кастрычніка: «Эўразьвяз на баку ўсіх тых, хто хоча спыніць гвалт у Беларусі, змагаецца за вызваленьне палітычных зьняволеных і справядлівыя выбары. Аляксандар Лукашэнка страціў усякую легітымнасьць».
Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Домінік Рааб:
29 верасьня: «Вялікая Брытанія і Канада накіравалі яснае пасланьне, увёўшы санкцыі супраць гвалтоўнага і падманнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Мы не прымаем вынікаў гэтых сфальсыфікаваных выбараў. Мы будзем прыцягваць да адказнасьці вінаватых у бандытызьме, накіраваным супраць беларускага народу».
Старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль:
25 верасьня: «У Беларусі былі сфальсыфікаваныя апошнія прэзыдэнцкія выбары. Мы не прымаем іх вынікі. І мы асуджаем жорсткія рэпрэсіі ў дачыненьні да апазыцыі і мірных дэманстрацый».
Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус:
4 верасьня: «ЭЗ павінен быць дакладным, ясным і адзіным у сваім адказе. Трэба адназначна заявіць, што з 9 жніўня Лукашэнка зьяўляецца былым прэзыдэнтам Беларусі і што ягоныя дзеяньні незаконныя і недапушчальныя ў Эўропе.
Кандыдат у прэзыдэнты ЗША Джо Байдэн:
7 лістапада: «Больш як два месяцы народ Беларусі мірна пратэстуе, патрабуючы пакласьці канец жорсткай дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. Рэжым Лукашэнкі адказаў кулямі, сьвятлашумавымі гранатамі, масавымі затрыманьнямі і катаваньнямі... Хоць прэзыдэнт Трамп адмаўляецца выступаць ад іх імя (беларусаў. — РС), я працягваю быць з народам Беларусі і падтрымліваю яго дэмакратычныя памкненьні. Я таксама асуджаю абуральныя парушэньні правоў чалавека, якія ўчыняцца рэжымам Лукашэнкі».
Дзяржсакратар ЗША Маййк Пампэо:
6 лістапада: «Нас па-ранейшаму натхняюць стойкасьць і годнасьць беларускага народу. Злучаныя Штаты па-ранейшаму заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і прыслухацца да патрабаваньняў беларускага народу правесьці свабодныя і справядлівыя выбары пад незалежным назіраньнем».
Расея
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін:
29 жніўня: «У сьвеце не існуе нічога ідэальнага... Мы зыходзім з таго, што выбары адбыліся. Я адразу гэта зрабіў. Мы прызналі іх легітымнасьць. Я павіншаваў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку зь перамогай на гэтых выбарах».
29 жніўня: «Цяпер, з улікам той няпростай сытуацыі, у якой апынулася Рэспубліка Беларусь, у тым ліку ва ўмовах беспрэцэдэнтнага вонкавага ціску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, хацеў бы яшчэ раз паўтарыць: стасункі Расеі зь Беларусьсю не залежаць ні часу, ні ад каньюнктуры, маюць пад сабой трывалы падмурак. Бо нашы дзяржавы аб’ядноўваюць трывалыя культурныя і духоўныя сувязі, якія ідуць каранямі ў стагодзьдзі; шырокія сваяцкія і сямейныя сувязі, агульная сумесная гісторыя».
29 кастрычніка: «Было б правільна, калі б усе, я хачу гэта падкрэсьліць, палітычныя сілы ўключыліся ў гэты працэс (новыя прэзыдэнцкія выбары. — РС), агульна б не абвінавачвалі прэзыдэнта Лукашэнку, што ён хоча нешта схітраваць, а ўключыліся б у гэтую працу і ўплывалі б на тыя рашэньні, якія могуць быць прынятыя ў ходзе гэтага працэсу».
22 кастрычніка: «...Расея ня ўмешвалася ў тое, што там адбывалася. І мы разьлічваем, што і ніхто ня будзе ўмешвацца, ніхто ня будзе раскручваць ў сваіх інтарэсах гэты канфлікт і навязваць нейкія рашэньні беларускаму народу... Так, і жорсткасьць была, і ўсё, можа быць, нават неапраўданая, але тады няхай адкажуць тыя, хто гэта дапусьціў, але ў цэлым, калі параўноўваць і паглядзець на выявы, — ва ўсякім выпадку, бяззбройнаму чалавеку ў сьпіну ніхто не страляў з баявой зброі».
Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў:
19 жніўня: «Тое, што адбываецца ў Беларусі, вядома ж, нас вельмі і вельмі трывожыць. Нас трывожыць спроба выкарыстоўваць унутраныя складанасьці, зь якімі цяпер сутыкнулася Беларусь, беларускі народ, беларускае кіраўніцтва, для таго, каб ўмешвацца ў гэтыя падзеі, у гэтыя працэсы звонку. І не проста ўмешвацца, а ўмешвацца з мэтай навязаць беларусам тыя парадкі, якія вонкавыя гульцы лічаць для сябе выгаднымі. Не хавае ніхто... што гаворка ідзе пра геапалітыку, гаворка ідзе пра барацьбу за постсавецкую прастору... І тое, што цяпер мы чуем з эўрапейскіх сталіц, перш за ўсё з Прыбалтыкі — Літвы, Эстоніі, а таксама з Польшчы, з Эўрапарлямэнту... гэта ўсё не пра Лукашэнку, гэта ўсё не пра правы чалавека, не пра дэмакратыю, гэта ўсё пра геапалітыку...»
Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу:
27 кастрычніка: «Зусім нядаўна пры палітычнай і фінансавай падтрымцы Захаду была зроблена спроба зьмены ўлады ў Рэспубліцы Беларусь. Сярод іншага, гэта рабілася з мэтай сарваць працэс інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы, унесьці раскол у расейска-беларускія адносіны».
Прэс-сакратар Пуціна Сяргей Пяскоў:
8 верасьня: «Мы не гатовыя прызнаць у цэлым наяўнасьць палітычных зьняволеных у Беларусі...Тут нельга рабіць нейкае абагульненьне. Мы не згодныя з такой трактоўкай. Трэба разглядаць кожны асобны выпадак, і вешаць цэтлікі або рабіць абагульненьні мы лічым няслушным».
23 кастрычніка: «Галоўнае — гэта не дачыненьні асабіста з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Галоўнае — гэта дачыненьні з братнім для нас беларускім народам... І прэзыдэнт Пуцін вельмі ўважліва падыходзіць да таго, каб штосьці не ўспрымалася як спроба паўплываць на законнага прэзыдэнта Беларусі».
Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі, дэпутат Дзярждумы Ўладзімір Жырыноўскі:
4 кастрычніка: «Палякі і літоўцы забяруць усю Беларусь, немцы, румыны і іншыя суседзі разьдзяруць Украіну, Турэччына і Іран разьдзяруць Паўднёвы Каўказ, і гэтак далей. Ад вас пер’е адно застанецца. Неадкладна ў Расею! Хутчэй дадому!»