Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На просьбы міліцыі людзі адказвалі «Жыве Беларусь». У Горадні сотні людзей ушанавалі памяць забітага Рамана Бандарэнкі


Горадня, 15 лістапада
Горадня, 15 лістапада

Гарадзенцы ўшанавалі памяць загінулага падчас пратэстаў Рамана Бандарэнкі 15 лістапада. Дзясяткі чалавек затрымалі. Байцы пускалі газ. Мэмарыялы з кветак і сьвечак разабралі.

Каля 300-400 гарадзенцаў прыйшлі ўдзень нядзелі да помніка на месцы ўзарванай Фары Вітаўта. Туды людзі некалі дзён прыносілі кветкі, сьцягі, лямпадкі, партрэты Рамана Бандарэнкі, прыходзілі памаліцца і ўшанаваць загінулага хлопца. Гарадзенцы пачалі скандаваць «Жыве Беларусь», «Я выходжу».

Міліцыя з машыны праз гукаўзмацняльнік папярэдзіла, што некаторыя тэлеграм-каналы заклікаюць да незаконных дзеяньняў, раіла ня браць у іх удзел. Людзі адказалі воклічамі «Жыве Беларусь».

Савецкую плошчу загадзя ачапілі, там дзяжурылі міліцыянты. Да мэмарыялу пад’ехалі міліцэйскія аўтобусы без пазнак, выйшлі байцы бяз знакаў адрозьненьня — у чорнай форме і колеру хакі. Частка людзей адразу стала адыходзіць з пляцоўкі. Рэшта закрычала: «Куды вы? Вяртайцеся! Навошта вы ўвогуле выйшлі? Вы ж мужыкі!»

«Ну што, будзем браць усіх», — сказаў адзін з амапаўцаў.

Аднак забіралі пераважна мужчын, дазвалялі сысьці тым, хто хацеў, першых забіралі спакойна проста пад рукі. У нейкі момант завязалася патасоўка пры затрыманьнях, у людзей пусьцілі газ, жанчыны закрычалі, сталі адбягаць і церці твар. Дэманстрантаў сталі біць дручкамі.

У гэты ж момант група людзей сабралася з іншага боку Савецкай плошчы пад Фарным касьцёлам, і пачалі скандаваць «Жыве Беларусь». Там таксама сталі хапаць людзей.

Байцы сталі хадзіць групамі па цэнтры, па Савецкай вуліцы і ваколіцах, і адцясьняць дэманстрантаў. Некаторых затрымлівалі. Людзі сыходзілі, але зноў вярталіся і скандавалі «Жыве Беларусь». Такое супрацьстаяньне працягвалася некалькі гадзін.

Гарадзенцы стварылі яшчэ адзін мэмарыял памяці Раману Бандарэнку — пад фарным касьцёлам. Прыйшлі міліцыянты, прыехала аварыйная машына. Людзі сталі спрачацца зь імі, казалі, што яны выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю.

«На чыім вы баку? Куды зьвяртацца, калі не расьсьледуюцца нават забойствы?» — эмацыйна пыталася дзяўчына з кветкамі міліцыянта.
Урэшце мэмарыял прыбралі.

На прыступках фарнага касьцёла пэўны час стаяла дзяўчына з плякатамі супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў. На адным напісала: «За што вы забіваеце нас?» У Горадні за апошнія месяцы мала хто з пратэстоўцаў выходзіў з плякатам.

Буйны мэмарыял на месцы Фары Вітаўта таксама прыбраў работнік з аварыйнай службы. Побач стаялі амапаўцы, месца вакол мэмарыялу ачапілі, нікога не пускалі. Перад гэтым байцы дазволілі застацца ля помніка жанчынам, сказалі, што мужчын будуць затрымліваць.

За дзень затрымалі галоўнага рэдактара папулярнага парталу «АўтаГродна» Міхала Кунцэвіча, відэаапэратара-фрылансэра Андрэя Ломава, радыёвядоўцу Сяргея Гадзяева, фатографа Яўгена Бузука, псыхатэрапэўта Ігара Папеню.

Затрыманых адвезьлі ў Ленінскі і Кастрычніцкі РАУСы, у першым было каля 60 чалавек, як расказала адна з затрыманых Натальля. Па ейных словах, больш там было мужчын; нікога ў РАУС ня білі. Людзям прапаноўвалі прызнаць сваю віну ва ўдзеле ў мітынгу, тады адпускалі.
Частку затрыманых павезьлі ў турму на вуліцы Кірава да суду.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG