Спартовец, пасьпяховы бізнэсовец, мастак, сябра, сын, брат. Пра тое, якім чалавекам быў Раман Бандарэнка, што любіў, чым цікавіўся, пра што марыў, расказала Свабодзе стрыечная сястра Вольга Кучарэнка.
Глядзіце размову на відэа.
З аповеду Вольгі мы сабралі 8 фактаў пра загінулага Рамана Бандарэнку.
Мянчук, з інтэлігентнай сям’і выдатнікаў
Раман Бандарэнка нарадзіўся 1 жніўня 1989 году ў Менску. Маці з бацькам разьвяліся. Бацька цяпер жыве ў іншай краіне, займаецца бізнэсам. Праца маці зьвязаная з турызмам. Паводле Вольгі Кучарэнкі, і маці, і бацька Рамана, і ўсе сямейнікі — вельмі інтэлігентныя, актыўныя людзі, усе маюць вышэйшую адукацыю, залатыя мэдалі і чырвоныя дыплёмы.
Быў вельмі малы ў дзяцінстве
Як згадвае Вольга, Раман у дзяцінстве быў вельмі малы, невысокага росту. Родныя называлі ўвесь час «малышом». У гульні «Дочкі-мацеры» заўсёды быў дзіцем. Паводле Вольгі, быў сапраўдным любімчыкам у сямʼі. «Нарадзіўся неданошаным, адна частка лёгкага не адкрылася, за яго моцна хваляваліся, але выкараскаўся», згадвала Вольга.
Фанат маляваньня
Раман маляваў зь дзяцінства ўвесь час. Пачынаў з чарапашак-ніндзя, машынак і папулярных герояў. Пазьней маляваў знаёмым іх партрэты ў падарунак на дзень народзінаў. Скончыў архітэктурна-будаўнічы каледж і Акадэмію мастацтваў. Паводле сястры, быў фанатам маляваньня.
Шмат займаўся спортам
У дзяцінстве захапляўся брэйкдансам. На сямейных сьвятах рабіў прадстаўленьні па брэйкдансу. Езьдзіў на спартовым ровары. У войску яго накіравалі ў спэцназ, бо меў добрую фізычную падрыхтоўку. «Трэба мець моцнае здароўе і быць псыхічна ўстойлівым, каб туды ўзялі», адзначае стрыечная сястра.
Мужчыны ў сямʼі служылі ў спэцназе
У сямʼі Рамана ўсе мужчыны служылі, і практычна ўсе — у спэцназе. Да службы ў войску, паводле сястры, ставіўся як да нормы, «адкасіць» не спрабаваў. Калі прыехаў да яе з войска, Вольга ледзь пазнала: «Іншы чалавек, накачаны, вялікі, быў худы, а стаў такі, як шафа, твар Ромы, а астатняе — не яго». Вольга ня думае, што тыя, хто зьбіваў брата, маглі ведаць пра тое, што ён служыў у спэцназе. Яна лічыць, што на яго выпадкова натрапілі, калі шукалі, з кім правакацыю зрабіць.
«Ня проста так аказаўся на «плошчы Пераменаў»
Паводле Вольгі, Раман на мірныя мітынгі пратэсту не хадзіў. Казаў сястры, што туды хадзіць небясьпечна, і ён ведае, што можа здарыцца, калі «павяжуць». На пытаньне, ці быў у яго бел-чырвона-белы сьцяг, Вольга адказвае: «Ня ведаю, але ў нас у краіне ва ўсіх ёсьць, і ён ня проста так аказаўся на „плошчы Пераменаў“. Я разумела, што ён абураны тым, што адбываецца ў краіне».
Рабіў карʼеру, але марыў аб працы, зьвязанай з мастацтвам
Пасьля войска Раман пайшоў працаваць у сетку крамаў «Востраў чысьціні». Добра рос па карʼернай лесьвіцы, стаў дырэктарам крамы, сам адкрыў некалькі крамаў. «Але душа яго патрабавала працаваць у мастацкай сфэры. Калі хадзіў на „плошчу Пераменаў“, вучыў там дзяцей маляваць. Гэта было для душы», — згадвае Вольга.
Дзяцей завесьці не пасьпелі
Быў жанаты, але дзяцей яшчэ не пасьпелі завесьці. Раз на год Раман сустракаўся зь сябрамі, зь якімі служыў у вайсковай частцы 3214. Былі ў яго сябры ў Расеі. «Ён быў вельмі глыбокі чалавек, вывучаў гісторыю сямʼі. Быў вельмі аптымістычны і неагрэсіўны», — кажа стрыечная сястра.