Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ў выбарчай бясьпецы не знайшлі маніпуляцый на выбарах у ЗША


Прыхільнікі дзейнага прэзыдэнта Дональда Трампа
Прыхільнікі дзейнага прэзыдэнта Дональда Трампа

Высокапастаўленыя прадстаўнікі фэдэральнага ведамства, якое адказвае за бясьпеку на выбарах прэзыдэнта ЗША, заявілі 12 лістапада пра адсутнасьць доказаў маніпуляцый з галасамі выбарнікаў на карысьць іншага кандыдата.

Яны адхілілі сьцьверджаньні прэзыдэнта Дональда Трампа і рэспубліканцаў пра тое, што ён пацярпеў паразу ад дэмакрата Джо Байдэна ў выніку фальсыфікацый і страты бюлетэняў.

«Выбары, якія адбыліся 3 лістапада, былі самымі бясьпечнымі ў амэрыканскай гісторыі», — гаворыцца ў заяве Агенцтва кампутарнай і інфраструктурнай бясьпекі (CISA), якое адказвала за бясьпеку мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Пад заявай падпісаліся кіраўнікі Нацыянальнай асацыяцыі дырэктараў выбарчых камісій у штатах і шэраг кампаній, якія пастаўляюць тэхналягічнае абсталяваньне для падліку галасоў.

«Няма ніякіх доказаў таго, што якая-небудзь сыстэма галасаваньня выдаліла або страціла галасы, зьмяніла галасы або якім-небудзь чынам была сапсаваная», — адзначаецца ў заяве.

Заява Агенцтва кампутарнай і інфраструктурнай бясьпекі была апублікаваная празь некалькі гадзін пасьля таго, як Дональд Трамп зрабіў рэтвіт неабгрунтаванага сьцьвярджэньня аб тым, што кампанія-вытворца абсталяваньня для галасаваньня «выдаліла» пададзеныя за Трампа 2,7 мільёна галасоў па ўсёй краіне, «перадаўшы» пры гэтым Байдэну сотні тысяч галасоў за Трампа ў Пэнсільваніі і іншых штатах.

«Хоць мы ведаем, што ёсьць шмат неабгрунтаваных прэтэнзій і нагодаў для дэзынфармацыі аб працэсе нашых выбараў, мы запэўніваем вас, што маем максымальную ўпэўненасьць у бясьпецы і цэласнасьці нашых выбараў», — гаворыцца ў заяве высокіх фэдэральных і штатных прадстаўнікоў ЗША.

Нягледзячы на гэта, інтэрнэт запаўняюць чуткі і тэорыі змовы аб сфальшаваным галасаваньні, падчас якога ў Трамп «скралі» перамогу. Рэспубліканцы і штаб Дональда Трампа падалі некалькі пазоваў у некаторых штатах, заяўляючы аб дапушчаных падчас выбараў парушэньнях. Ніводзін з гэтых пазоваў пакуль ня быў задаволены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG