Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яго б пабілі, калекам пакінулі». Аповед менскага таксіста, які выратаваў дэманстранта ад сілавікоў і ня лічыць сябе героем


Яўген
Яўген

Пасьля выбараў 9 жніўня ў Беларусі завялі больш за 900 крымінальных спраў на тых, хто пратэставаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Але з кожным днём у Беларусі таксама зьяўляецца ўсё больш людзей, якія дапамагаюць пратэстоўцам і гатовыя ратаваць іх ад дубінак сілавікоў.

Адзін зь іх — менскі таксіст Яўген. 23 кастрычніка ён дапамог выратавацца дэманстранту, за якім гналіся людзі ў цывільным, і зьвёз яго ад сілавікоў.

Яўген расказаў пра гэтае здарэньне тэлеканалу «Настоящее время».

Увечары 23 верасьня Яўген разам зь дзяўчынай апынуўся каля станцыі мэтро «Пушкінская» ў цэнтры Менску. У той дзень Аляксандар Лукашэнка вырашыў правесьці таемную інаўгурацыю і ўступіць на пасаду прэзыдэнта. Гэтае рашэньне выклікала вялікае абурэньне сярод тых, хто быў ня згодны з вынікамі выбараў 9 жніўня, пераможцам якіх ЦВК Беларусі абвясьціла Лукашэнку.

У дзень інаўгурацыі тысячы чалавек выйшлі на вуліцы Менску, а супрацоўнікі МУС і людзі ў цывільным жорстка разганялі дэманстрантаў. Яўген убачыў, што за адным удзельнікам акцыі гоняцца сілавікі, і крыкнуў хлопцу бегчы да яго машыны.

«Вось тут я крыху лявей стаяў: тут дарогу робяць, — паказвае ён месца, дзе ўсё адбылося. — Я бачыў, што слупа няма. Вырашыў паехаць на бардзюр, таму што больш не было куды ехаць».

Удзельнік акцыі змог адарвацца ад сілавікоў і заскочыў у таксі.

«Калі ён сядаў да мяне ў машыну, падбег сілавік, пачаў біць мяне электрашокерам пад лапатку, — апавядае Яўген. — Пасьля чаго пачаў па руцэ біць. Пасьля таго, як хлопец зачыніў дзьверы, я, натуральна, даў па газах, і сілавікі ўжо пачалі біць машыну».

Яўген адвёз хлопца дадому, а сам паехаў па справах. Ён разумеў, на якую рызыку ішоў, але не спалохаўся і кажа, што пры неабходнасьці паўтарыў бы свой учынак.

«Зь першых дзён усе выдатна ведаюць, як сілавікі сябе вядуць. Што яны б'юць, гвалтуюць, пакідаюць пераломы, — кажа ён. — Сьмерцяў нямала было. А хлопец быў малады. Яго б пабілі, калекам пакінулі. Навошта такое? Я лічу, павінна быць шмат людзей, якія дапамагаюць адзін аднаму, а ня проста будуць глядзець і здымаць».

Пасьля таго, што здарылася ў цэнтры Менску, Яўген у мэтах бясьпекі на некалькі дзён зьехаў з гораду. Хлопец прызнаецца: калі відэа пагоні трапіла ў інтэрнэт, ён пачаў баяцца нават не затрыманьня, а таго, што застанецца бяз працы. І падкрэсьлівае, што героем сябе ня лічыць.

«Калі б гэтага відэа не было, ніхто б і ня ведаў пра гэта. Я б хацеў, каб відэа не было, таму што наступствы могуць быць сур’ёзныя. Выратаваў дык выратаваў. Я думаю, што такіх людзей шмат, — проста я трапіў так на відэа», — кажа малады чалавек.

Яўген расказвае, што машыну, якую пашкодзілі сілавікі, яму бясплатна адрамантавалі ў адным з аўтасэрвісаў:

«Калі хлопец садзіўся, яны ўдарылі дубінкай і разьбілі шыбу. Калі хлопец ужо сеў, увагнутасьць ужо была, ад чаго фара тырчала. І ўдарылі па багажніку. Я яшчэ баяўся, што разабʼюць задняе шкло, таму што ўдар быў па багажніку. Але ўсё ў парадку», — кажа ён.

Цяпер Яўген працягвае працаваць у таксі. Ён спадзяецца на хуткія перамены ў краіне, але не выключае, што яму давядзецца эміграваць зь Беларусі.

«Колькі я сябе памятаю — заўсёды быў Лукашэнка. Мая сямʼя ад пачатку была супраць Лукашэнкі; усе лічаць, што мы маглі б жыць, як у Швайцарыі. Але нас абакралі. Карупцыя, карупцыя ўсюды, я думаю, гэта ўсе добра ведаюць», — наракае ён.

Праз рэпрэсіі, якія пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, зь Беларусі ўжо зьехалі больш за 13 тысяч чалавек. У асноўным для эміграцыі беларусы выбіраюць Польшчу, Украіну і краіны Балтыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG