Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША: Джорджыя пералічыць галасы


Прыхільнік Трампа з плякатам «Толькі законныя галасы» на акцыі Філядэльфіі, штат Пэнсыльванія, 8 лістапада 2020
Прыхільнік Трампа з плякатам «Толькі законныя галасы» на акцыі Філядэльфіі, штат Пэнсыльванія, 8 лістапада 2020

Штат Джорджыя правядзе ручны пералік галасоў, пададзеных падчас прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, якія прайшлі 3 лістапада. Пра гэтае рашэньне заявіў дзяржсакратар штату Брэд Рафэнспэргер.

Паводле папярэдніх зьвестак, кандыдат у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн апярэджвае кандыдата-рэспубліканца Дональда Трампа на 14 тысяч галасоў. Усяго ў штаце падчас прэзыдэнцкіх выбараў прагаласавалі амаль пяць мільёнаў чалавек.

Рафэнспэргер паведаміў, што пералік праводзіцца згодна з законамі штату, якія дазваляюць падобны аўдыт, калі разрыў у галасах аддадзеных за абодвух кандыдатаў складае менш за палову адсотка. Пакуль ніякіх зьвестак пра значныя праблемы падчас галасаваньня не паступала.

Джорджыя — штат, які традыцыйна галасуе за рэспубліканскіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Пройгрыш Дональда Трампа быў даволі нечаканым. 16 галасоў электараў ад Джорджыі ня змогуць зьмяніць зыход выбараў на карысьць Дональда Трампа.

Тым часам адвакаты выбарчага штабу Трампа працягваюць падаваць пазовы ў некалькіх штатах, аспрэчваючы тое, што яны называюць парушэньнямі выбарчага працэсу. Чарговы пазоў быў пададзены ў фэдэральны суд у Мічыгане 11 лістапада. У ім сьцьвярджаецца, што афіцыйным назіральнікам не былі дадзеныя ўмовы для нармальнага кантролю працэсу падліку галасоў, што яны зафіксавалі выпадкі ўнясеньня імёнаў у выбарчыя сьпісы падчас падліку галасоў, і таксама парушэньні падчас падліку галасоў.

Паводле камэнтатараў, штаб Трампа пакуль не падаў ніякіх зьвестак, што давалі б падставы для адмены вынікаў выбараў у якіх-небудзь акругах. Некалькі пазоваў штабу Трампа ўжо адхілілі суды. У двух выпадках штаб Трампа атрымаў верх: Вярхоўны суд ЗША запатрабаваў ад Пэнсыльваніі трымаць асобна бюлетэні, атрыманыя па пошце пасьля выбараў, і суд у Пэнсыльваніі палічыў, што рэспубліканскія назіральнікі павінны знаходзіцца бліжэй да сталоў, дзе адбываецца падлік галасоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG