Турэччына раніцай у сераду падпісала пагадненьне з Расеяй аб стварэньні сумеснага цэнтру па кантролі за спыненьнем агню ў Нагорным Карабаху.
Пра гэта заявіў турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган, адзначыўшы, што Анкара далучыцца да міратворчых сілаў, якія разьмяшчаюцца ў карабаскім рэгіёне. Сам цэнтар маніторынгу будзе дзейнічаць на тэрыторыях, якія раней знаходзіліся пад кантролем армянскіх сілаў, але перайшлі Азэрбайджану паводле нядаўніх дамоўленасьцяў аб спыненьні баявых дзеяньняў.
Эрдаган зрабіў заяву пра гэта на сустрэчы ў Анкары з дэпутатамі парлямэнту ад кіроўнай Партыі справядлівасьці і разьвіцьця.
- У ноч на аўторак стала вядома, што прэзыдэнты Расеі і Азэрбайджану Ўладзімір Пуцін і Ільхам Аліеў, а таксама прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян прынялі трохбаковую заяву, згодна зь якой з 10 лістапада адбываецца поўнае спыненьне агню і ўсіх баявых дзеяньняў у Нагорным Карабаху.
- Падразьдзяленьні ўзброеных сілаў Азэрбайджану і Армэніі спыняюцца на пазыцыях, якія займаюць. Адначасова ўздоўж лініі судакрананьня ў Карабаху і ўздоўж Лачынскага калідору прадугледжанае стварэньне расейскіх назіральных пастоў. У рэгіён ужо пачалі прыбываць расейскія міратворцы.
Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў на пытаньне пра тое, ці будуць разьмешчаныя ў Карабаху турэцкія міратворцы разам з расейскімі, у аўторак адказаў адмоўна. Пяскоў, аднак, пацьвердзіў, што абмяркоўвалася разьмяшчэньне маніторынгавага цэнтру з удзелам Турэччыны за межамі Карабаху.
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў у размове з Уладзімірам Пуціным па відэасувязі перад падпісаньнем трохбаковай заявы ўвечары ў панядзелак (заяву падпісалі дыстанцыйна) казаў, што «адным з пунктаў дакумэнту зьяўляецца сумесная міратворчая місія Расеі і Турэччыны».
У паведамленьні пра тэлефонную размову Пуціна і Эрдагана, разьмешчаным 10 лістапада на сайце Крамля, пра турэцкіх міратворцаў нічога не гаворыцца. У канфлікце паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол самаабвешчанай рэспублікі Нагорны Карабах, які рэзка абвастрыўся ў канцы верасьня, Анкара актыўна падтрымала Баку.
Нагорны Карабах і прылеглыя да яго раёны Азэрбайджану з пачатку 1990-х гадоў знаходзіліся пад кантролем армянскага боку. У верасьні Азэрбайджан пачаў наступ з мэтай вярнуць тэрыторыі. Азэрбайджанскія войскі занялі шэраг раёнаў па пэрымэтры Нагорнага Карабаху і частку тэрыторыі самой непрызнанай рэспублікі, у тым ліку горад Шушу (Шушы). З абодвух бакоў пры абстрэлах за некалькі тыдняў загінулі звыш 100 цывільных жыхароў. Ерэван паведамляў больш як пра тысячу загінулых вайскоўцаў. Баку інфармацыі аб вайсковых стратах не падаваў.