У Нагорны Карабах вылецелі першыя шэсьць самалётаў Іл-76 з расейскімі міратворцамі на борце, паведаміла міністэрства абароны Расеі. Усяго ў рэгіён павінны перакінуць 1960 вайскоўцаў і 470 адзінак тэхнікі.
Аснову міратворчага кантынгенту складае 15-я асобная мотастралковая брыгада зь месцам дысьлякацыі ў Самарскай вобласьці Расеі. У 2008 годзе гэтая брыгада ўжо выконвала задачы ў зоне грузіна-абхаскага збройнага канфлікту.
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што міратворцы з Расеі будуць дзейнічаць сумесна з вайскоўцамі Турэччыны, аднак у падпісаным у панядзелак дакумэнце гэтага не прадугледжана.
Напярэдадні прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і лідэр Азэрбайджану Ільхам Аліеў падпісалі заяву аб спыненьні вайны ў Нагорным Карабаху.
«9 лістапада прэзыдэнтам Азэрбайджанскай Рэспублікі Ільхамам Аліевым, прэм'ер-міністрам Рэспублікі Армэнія Ніколам Пашыньянам і прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі падпісаная заява, у якой абвяшчаецца аб поўным спыненьні агню і ўсіх ваенных дзеяньняў у зоне нагорна-карабаскага канфлікту з 00 гадзін 00 хвілін паводле маскоўскага часу 10 лістапада 2020 году. Азэрбайджанская Рэспубліка і Рэспубліка Армэнія спыняюцца на занятых імі пазыцыях», -— сказаў Пуцін.
Раней паведамленьне пра гэта кіраўнік армянскага ўраду разьмясціў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
«Я падпісаў заяву з прэзыдэнтамі Расеі і Азэрбайджану аб спыненьні карабаскай вайны ў 01:00 (00:00 менскага часу). Тэкст ужо апублікаванай заявы невыказна балючы для мяне асабіста і для нашага народу. Я прыняў гэтае рашэньне ў выніку глыбокага аналізу ваеннай сытуацыі і ацэнкі людзей, якія лепш за ўсё яе ведаюць», — адзначыў ён, дадаўшы, што «прыняў вельмі і вельмі цяжкае рашэньне».
Паводле Пашыньяна, «гэты крок заснаваны на перакананьні, што гэта найлепшае магчымае рашэньне ў сытуацыі, якая склалася».
Тым часам у Ерэване пачалася акцыя пратэсту. Незадаволеныя рашэньнем прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна ў пытаньні Карабаху грамадзяне сабраліся ля будынку ўраду краіны ў цэнтры Ерэвану. Пазьней дэманстранты ўварваліся ў будынак ураду.
- Паводле пагадненьня аб спыненьні баявых дзеяньняў на тэрыторыі непрызнанай рэспублікі Нагорны Карабах, Азэрбайджан адновіць кантроль над усімі тэрыторыямі краіны, якія не ўваходзілі ў склад Нагорна-Карабахскай аўтаномнай вобласьці, над часткай тэрыторыі непрызнанай рэспублікі Нагорны Карабах, у рэгіён будуць уведзеныя замежныя міратворцы.
- Нагорны Карабах і прылеглыя да яго раёны Азэрбайджану з пачатку 1990-х гадоў знаходзіліся пад кантролем армянскага боку. У канцы верасьня Азэрбайджан пачаў наступ з мэтай вярнуць тэрыторыі. Азэрбайджанскія войскі занялі шэраг раёнаў па пэрымэтры Нагорнага Карабаху і частку тэрыторыі самой непрызнанай рэспублікі, у тым ліку горад Шуша.