Колькасьць загінулых вайскоўцаў арміі Нагорнага Карабаху з пачатку абвастрэньня канфлікту 27 верасьня набліжаецца да 1200. Пра гэта паведамілі ўлады непрызнанай рэспублікі.
Акрамя таго, у Нагорным Карабаху заявілі, што 2 лістапада ў зоне армяна-азэрбайджанскага канфлікту былі забітыя 20 турэцкіх наймітаў. Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заклікаў правесьці міжнароднае расьсьледаваньне ў дачыненьні да Баку.
Раней Анкара і Баку адпрэчвалі паведамленьні аб тым, што на баку Азэрбайджану ў Нагорным Карабаху ваююць найміты, якія прыбылі з Турэччыны.
У сваю чаргу міністэрства абароны Азэрбайджану 2 лістапада абвінаваціла Армэнію ў абстрэле азэрбайджанскіх тэрыторый. Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што Баку гатовы спыніць баявыя дзеяньні, калі Ерэван возьме на сябе абавязаньні па вывадзе войскаў з Нагорнага Карабаху.
У канцы кастрычніка міністры замежных спраў Азэрбайджану і Армэніі на сустрэчы ў Жэнэве дамовіліся, што бакі канфлікту ня будуць наўмысна наносіць удары па цывільным насельніцтве або невайсковых абʼектах і абмяняюцца палоннымі вайскоўцамі.
З пачатку абвастрэньня становішча ў Нагорным Карабаху ў канцы верасьня Баку і Ерэван неаднаразова дамаўляліся аб гуманітарным перамірʼі, але рэжым спыненьня агню не выконваўся. У яго парушэньні бакі абвінавачваюць адзін аднаго.