Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы намесьнік дзяржсакратара: ЗША вывучаюць «дадатковыя інструмэнты» узьдзеяньня на Менск


Стывэн Бігэн
Стывэн Бігэн

Злучаныя Штаты вывучаюць «дадатковыя інструмэнты» узьдзеяньня на ўлады Беларусі ў сувязі з сытуацыяй у краіне. Пра гэта заявіў у панядзелак першы намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывен Бігэн, выступаючы на відэаканфэрэнцыі, арганізаванай вашынгтонскім Цэнтрам стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў.

«Пытаньне для ЗША палягае ў тым, якія дадатковыя крокі мы можам зрабіць», — сказаў ён, адзначыўшы, што ЗША ў каардынацыі з Эўразьвязам і Вялікай Брытаніяй пашырылі санкцыі ў дачыненьні да Менску, каб «стварыць магутны адмоўны эканамічны стымул для кіраўніцтва Беларусі». «І мы, як і нашыя эўрапейскія партнэры, працягваем разглядаць тое, як мы можам выкарыстаць дадатковыя інструмэнты ціску адносна Беларусі», — дадаў Бігэн.

«Адных толькі санкцыяў будзе недастаткова, каб зьмяніць разьвіцьцё падзеяў у Беларусі, спатрэбяцца таксама далейшыя намаганьні беларускага народу, і пэўную ролю ў канчатковым рахунку будуць адыгрываць разьлікі, якія робяцца ў Маскве», — прызнаў таксама першы намесьнік дзяржсакратара.

«Я думаю, што, з пункту гледжаньня Масквы, гэта складаная праблема. Няма абсалютна ніякай упэўненасьці ў цяперашнім кіраўніку Беларусі. Маскве не падабаецца выбар, які перад ёй стаіць. Але калі яны прыбяруць яго або дазволяць яго прыбраць, яны асьцерагаюцца, што можа ўзьнікнуць сытуацыя, пры якой яны ня будуць кантраляваць наступствы», — перакананы Бігэн.

Паводле яго ацэнкі, расейскае кіраўніцтва не давярае Аляксандру Лукашэнку. «Я ня думаю, што прэзыдэнт Расеі хоць колькі-небудзь давярае кіраўніку Беларусі. Існуюць некаторыя пагадненьні і дзелавыя адносіны, якія цяпер падтрымліваюцца і ў межах якіх расейскія ўлады даюць парады з пункту гледжаньня забесьпячэньня бясьпекі, магчыма, нейкую таемную падтрымку, а таксама выкарыстоўваюць свой міжнародны ўплыў, каб паспрабаваць даць лідэру Беларусі прастору для манэўру, каб ён перажыў цяперашні крызіс. І я не ведаю, перажыве ён яго або не. Гэта шмат у чым залежыць ад здольнасьці вельмі адважнага народу Беларусі падтрымліваць ціск», — дадаў першы намесьнік дзяржсакратара ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG