Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман заявіў, што хацеў бы адклікаць прызнаньне Косава як сувэрэннай дзяржавы.
Падчас візыту ў сталіцу Сэрбіі, Бялград, Зэман паабяцаў абмеркаваць гэты крок з чэскімі заканадаўцамі. Сам прэзыдэнт ня можа адклікаць прызнаньне незалежнасьці дзяржавы.
«Нядаўна Гааскі трыбунал апублікаваў паведамленьне, у якім выказвае падазрэньне ў ваенных злачынствах, учыненых прадстаўнікамі Косава, і я думаю, што прэм’ер-міністар падаў у адстаўку праз гэта. Дазвольце мне сказаць, што дзяржава, якой кіруюць ваенныя злачынцы, не павінна быць сярод дэмакратычных краін», — сказаў Зэман.
У ліпені прэм’ер-міністар Косава Рамуш Харадынай падаў у адстаўку пасьля таго, як быў выкліканы ў якасьці падазраванага ў спэцыяльны трыбунал у Гаазе для расьсьледаваньня злачынстваў, учыненых падчас вайны ў Косаве 1998-1999 гадах. Харадынай не прызнаў сябе вінаватым, але падкрэсьліў, што не можа ехаць у суд, выконваючы функцыі прэм’ер-міністра.
У адказ на словы Зэмана, Косава адмовілася ўдзельнічаць у саміце, які адбудзецца 12 верасьня ў Празе. Там маюць прысутнічаць прадстаўнікі некалькіх заходнебалканскіх краін і прэм’ер-міністры чатырох краін Эўразьвязу — Чэхіі, Вугошчыны, Польшчы і Славаччыны.
Косава абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі ў 2008 годзе. Яе прызнала большасьць заходніх краін, у тым ліку ЗША. Эўразьвяз спрабуе пераканаць Бялград і Прышціну нармалізаваць адносіны, але перамовы не далі значных вынікаў.