Сотні мірных дэманстрантаў затрымалі ў Менску і іншых гарадах Беларусі падчас традыцыйнага нядзельнага маршу прыхільнікаў пераменаў. Праваабаронцы паведамляюць пра больш чым 1000 затрыманых.
У Менску затрымалі гісторыка і мовазнаўцу, кандыдата філялягічных навук Алеся Жлутку. З 1996 году ён старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.
У ліку затрыманых сёньня ў Менску, дзесяціборац і срэбны мэдаліст Алімпіяды-2008 Андрэй Краўчанка, шматразовы чэмпіён Беларусі ў тайскім боксе і кікбоксінгу Іван Ганін, фотамадэль і «Міс Беларусь» 2008 году Вольга Хіжынкова, актор Аляксандар Ждановіч, які грае Маляваныча ў «Калыханцы». Таксама быў затрыманы сябра Каардынацыйнай рады палітоляг Андрэй Ягораў.
У гарадах Беларусі затрымалі шэраг журналістаў.
Сытуацыя з COVID-19 у Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак Міністэрства аховы здароўя, робіцца напружанай: за апошнія содні дадаліся 996 інфікаваных. У Беларусі памерлі 1007 пацыентаў з пацьверджаным каранавірусам, у тым ліку 3 — за ўчора.
Кіраўнік расейскай карпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў заявіў пра гатоўнасьць удзельнічаць у будаўніцтве яшчэ адной атамнай электрастанцыі ў Беларусі.
З 11:10 у мэтах «бясьпекі пасажыраў» мэтрапалітэн закрыў усе станцыі 3-й лініі.
У нядзелю 8 лістапада ў Менску, як ужо звычайна, апэратары мабільнай сувязі «абмежавалі» доступ да мабільнага інтэрнэту.