У Літве ў нядзелю пройдзе напружаны другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, у якім будуць змагацца двое правацэнтрыстаў: былая міністарка фінансаў Інгрыда Шыманіце і палітычны дэбютант Гітанас Наўседа.
Вызначальнай тэмай перадвыбарнай кампаніі стала занепакоенасьць з нагоды эканамічнай няроўнасьці ў балтыйскай краіне, якая ўваходзіць у эўразону.
Шыманіце, якую падтрымліваюць кансэрватары і пад кіраўніцтвам якой былі прынятыя меры жорсткай эканоміі падчас сусьветнага фінансавага крызысу, атрымала перамогу ў першым туры зь мінімальнай перавагай. За яе прагаласавалі 31,13% выбарнікаў, а за эканаміста Наўседу, якога вылучылі ў якасьці незалежнага кандыдата, — 30,95%.
Як чакаецца, напярэдадні галасаваньня, якое супадае з выбарамі ў Эўрапарлямэнт, ня будуць праводзіцца апытаньні грамадзкай думкі, аднак аналітыкі прадракаюць перамогу Наўседу.
«У Наўседы больш шанцаў, паколькі ён карыстаецца шырокай папулярнасьцю ў выбарнікаў па ўсім ідэалягічным спэктры», — адзначыў у інтэрвію AFP дырэктар віленскага Інстытуту міжнародных адносін і паліталёгіі Рамунас Вільпісаўскас.
Кіраўнік Цэнтру дасьледаваньняў Усходняй Эўропы Лінас Кояла лічыць, што на карысьць Наўседы можа згуляць існуючая ў Літве традыцыя выбіраць «незалежных прэзыдэнтаў, якія стаяць вышэй за партыйную палітыку».
Прэзыдэнты Літвы вызначаюць абаронную і замежную палітыку, наведваюць саміты ЭЗ і NATO, але, хоць і маюць права вэта, абавязаны кансультавацца з урадам і прэм’ер-міністрам пры прызначэньні высокапастаўленых чыноўнікаў.
Кандыдаты абое рашуча падтрымліваюць сяброўства ў Эўразьвязе і NATO ў мэтах абароны ад суседняй Расеі, асабліва пасьля ваеннага ўмяшаньня Масквы ва Ўкраіне ў 2014 годзе.