Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя пераможцы фэстывалю беларускага кіно «Bulbamovie — 2024»


Кіраўнік НАУ Павел Латушка на адкрыцці 10-га фэстывалю беларускага кіно Bulbamovie. Варшава, 22 лістапада 2024 году.
Кіраўнік НАУ Павел Латушка на адкрыцці 10-га фэстывалю беларускага кіно Bulbamovie. Варшава, 22 лістапада 2024 году.

Напярэдадні вечарам на юбілейным, дзясятым фэстывалі «Bulbamovie» былі ўганараваныя пераможцы конкурсу «Маладое беларускае кіно», перадае «Белсат».

«Залатыя Бульбіны» атрымалі рэжысэрка стужкі «Чароўныя нажнічкі» Ганна Авота (у катэгорыі «Найлепшы фабулярны фільм») і аўтар фільму «Чэмпіён 471» Мікіта Пандэка (у катэгорыі «Найлепшы дакумэнтальны фільм»).

У конкурсе «Маладое беларускае кіно» на сёлетнім «Bulbamovie» бралі ўдзел больш за 30 ігравых і дакумэнтальных стужак. Дзесяць зь іх (пяць фабулярных і пяць дакумэнтальных) трапілі ў праграму фэстывальных праглядаў. Пераможцаў абвясьцілі сябры журы конкурсу — беларуская рэжысэрка і сцэнарыстка Ўлада Сянькова і польскі кінакрытык Міхал Канарскі.

«Чароўныя нажнічкі» — казачная гісторыя пра прыгоды краўца Шмуэля, якому ад дзеда дасталіся ў спадчыну чароўныя нажніцы. Фільм апавядае пра мінулае ў форме нямога кіно.

«Стваральнікі гэтага фільму давялі, што добрае кіно ня мае часовага вымярэньня. Сцэнарый, апэратарская праца, музыка, акторская ігра — усе гэтыя чыньнікі на працягу фільма ўводзяць нас у зман, што мы маем справу са страчанымі архівамі, але ўсё аказваецца старанна зробленай рэканструкцыяй. Мы хочам ухваліць мастацкую сьмеласьць і рашучасьць, якія дапамаглі завяршыць працу, нягледзячы на вытворчыя цяжкасьці», — гаворыцца ў пастанове журы пра стужку Ганны Авоты «Чароўныя нажнічкі».

Рэжысэрка Ганна Авота
Рэжысэрка Ганна Авота

Найлепшы дакумэнтальны фільм «Чэмпіён 471» Мікіты Пандэкі, на думку журы, «па сваёй якасьці не саступае фільмам асноўных конкурсаў буйных міжнародных фэстываляў».

Гераіня фільму — карова, якая жыве на фэрме і шукае свабоды.

«Пра свабоду лепш за ўсё распавядаць мэтафарамі. І рэжысэр дае падказкі, але не тлумачыць гледачам, пра што вядзецца. У візуальным і наратыўна цікавым назіраньні ён прадстаўляе лёс індывідуўма, якому, нягледзячы на ўсе перашкоды, удаецца вырвацца да сьвятла. Цудоўна прыдуманы і створаны дакумэнтальны фільм...» — гаворыцца ў фармулёўцы журы.

«Чэмпіён 471» стаў уладальнікам прызу сымпатый гледачоў.

Рэжысэр Мікіта Пандэка.
Рэжысэр Мікіта Пандэка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG