Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў назваў «поўнай лухтой» артыкулы заходніх таблёідаў, якія паведамілі, што Ўладзімір Пуцін нібыта зьбіраецца датэрмінова сысьці ў адстаўку праз хваробу, паведамляе Meduza.
«Ну, вы ведаеце, тут асабліва камэнтаваць няма чаго. Лухта гэта поўная. У прэзыдэнта ўсё добра. Здароўе цудоўнае», — сказаў Пяскоў у гутарцы з журналістамі, дадаўшы, што прэзыдэнт не зьбіраецца сыходзіць у адстаўку.
5 лістапада брытанскі таблёід The Sun паведаміў, што Ўладзімір Пуцін мае намер на пачатку 2021 году пакінуць пасаду прэзыдэнта Расеі з прычыны праблем са здароўем — нібыта ў яго выяўленыя сымптомы хваробы Паркінсана. Гэтае меркаваньне ў выданьні грунтуецца на словах палітоляга Валерыя Салаўя. Матэрыял перадрукавалі іншыя заходнія таблёіды, у тым ліку Daily Mail і New York Post.