Гэта вынікае са шматгадовых дадзеных Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі. Паводле іх, на пачатку нулявых палова апытаных аддавалі перавагу варыянту адказу — «Беларусь і Расея павінны будаваць адносіны на прынцыпе раўнапраўнага саюзу дзьвюх незалежных дзяржаваў са стварэньнем наднацыянальных органаў кіраваньня».
Але далей колькасьць прыхільнікаў такіх стасункаў, хоць і з ваганьнямі, няўхільна зьніжалася і ў 2020 годзе склала толькі чвэрць апытаных.
Доля прыхільнікаў іншага варыянту двухбаковых адносінаў — «Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай і будаваць свае стасункі з Расеяй на падставе міжнародных дамоваў» — наадварот, істотна вырасла за амаль 20 гадоў. У 2002 годзе за такія адносіны выказвалася прыкладна траціна апытаных, у 2020 годзе — 61,6%. Рост амаль удвая.
Пры гэтым колькасьць прыхільнікаў далучэньня Беларусі да РФ увесь пэрыяд назіраньня была невялікая і не перавышала 10%, у 2020 годзе яна складала 6,7%.
Паводле дадзеных інстытуту, ацэнкі рэспандэнтамі двухбаковых адносінаў Беларусі і Расеі няўхільна пагаршаліся з 2014 году — году анэксіі Расеяй Крыму і пачатку спансаванага Расеяй канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
У апошніх апытаньнях інстытуту прыкладна чвэрць апытаных выказваліся за арыентацыю зьнешняй палітыкі Беларусі на Расею, прыкладна пятая частка — на Эўразьвяз, 5% — за арыентацыю на Кітай, і амаль траціна — за самастойную зьнешнюю палітыку.