Міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу лічыць, што адзіны выхад з сытуацыі, якая мае месца ў Беларусі, — правядзеньне свабодных выбараў, паведамілі Інтэрфаксу ў прэс-службе эстонскага зьнешнепалітычнага ведамства.
«Наша пазыцыя ясная — рашэньнем зьяўляюцца толькі свабодныя выбары», — заявіў Рэйнсалу, камэнтуючы ў чацьвер даклад, падрыхтаваны з ініцыятывы Эстоніі і яшчэ 16 дзяржаў-членаў АБСЭ ў рамках так званага «Маскоўскага мэханізму».
Паводле кіраўніка эстонскага МЗС, «уладам (Беларусі) немагчыма адмаўляць важкія доказы, якія зьмяшчаюцца ў дакладзе», аб парушэньні правоў чалавека і фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.
Як паведаміў МЗС Эстоніі, у абвешчанай у чацьвер у Вене сумеснай заяве Эстоніі і іншых дзяржаў-ініцыятараў «зьмяшчаюцца пацьверджаньні, што прэзыдэнцкія выбары не былі празрыстымі, свабоднымі і сумленнымі». Адзначаецца таксама, што на выбарах у Беларусі былі відавочныя недахопы і не былі выкананыя патрабаваньні, складзеныя на аснове папярэдніх выбараў.
У дакладзе таксама сьцьвярджаецца, што ўлады Беларусі празьмерна выкарыстоўвалі гвалт, удзельнічалі ў катаваньнях, гвалтоўным абыходжаньні зь людзьмі і ў іх гвалтоўных зьнікненьнях. На СМІ рабіліся нападкі, жанчынам пагражалі адабраць дзяцей.
Даклад зьмяшчае 72 рэкамэндацыі. Сярод іншага, аўтары заклікаюць улады Беларусі прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў 9 жніўня, прывесьці заканадаўства аб выбарах у адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі, вызваліць палітычных зьняволеных, неадкладна спыніць гвалт, забясьпечыць свабоду дзейнасьці журналістаў і пазьбягаць абмежаваньняў доступу да інтэрнэту.
Галоўны аўтар дакладу — прафэсар міжнароднага права Вольфганг Бэнэдэк. Складальнікі дакумэнту абапіраліся ў сваёй працы на сьведчаньні пацярпелых і сьведак, афіцыйную інфармацыю і справаздачы ўладаў.
Дзяржавы-складальнікі выказалі «глыбокае расчараваньне» тым, што ўлады Беларусі адмаўляліся ад супрацоўніцтва з АБСЭ і дакладчыкам у рамках «Маскоўскага мэханізму».
У склад ініцыятараў незалежнай экспэртнай групы ў рамках «Маскоўскага мэханізму» ўваходзяць Эстонія, Латвія, Літва, ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя, Данія, Фінляндыя, Ісьляндыя, Нарвэгія, Польшча, Нідэрлянды, Канада, Бэльгія, Славаччына, Чэхія і Румынія, паведамілі ў МЗС Эстоніі.
У Беларусі ўжо трэці месяц працягваюцца акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзыдэнта, якія прайшлі 9 жніўня. Пераможцам абвешчаны дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, які займае гэтую пасаду з 1994 году. Удзельнікі акцый не прызнаюць абвешчаныя ўладамі вынікі выбараў, лічаць іх сфальсыфікаванымі.