Міжнароднаму алімпійскаму камітэту (МАК) былі пададзеныя прамежкавыя справаздачы аб становішчы спартоўцаў у Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба МАК.
Раней у кастрычніку кіраўнік МАК Томас Бах заявіў, што Міжнародны алімпійскі камітэт працягне расьсьледаваньне ў справе магчымай дыскрымінацыі беларускіх спартоўцаў за палітычныя погляды, што ёсьць парушэньнем Алімпійскай хартыі. Тады ён адзначыў што Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Беларусі можа быць пакараны санкцыямі, калі выявяцца парушэньні Алімпійскай хартыі.
Адзначаецца, што МАК атрымаў у адказ на запыт інфармацыю ад НАК Беларусі і камісіі спартоўцаў. Былі атрыманыя гарантыі поўнага выкананьня Алімпійскай хартыі.
«Тым ня менш МАК зноў выказаў сваю сур’ёзную заклапочанасьць у сувязі з агульным становішчам спартовай супольнасьці ў Беларусі і будзе працягваць сачыць за становішчам беларускіх спартоўцаў напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Токіё і зімовых Алімпійскіх гульняў у Пэкіне. МАК па-ранейшаму адкрыты для атрыманьня любой дадатковай інфармацыі, якая тычыцца дыскрымінацыі спартоўцаў па прыкмеце палітычных поглядаў, калі гэтыя спартоўцы знаходзяцца пад юрысдыкцыяй НАК», — сказана ў паведамленьні.
Кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі застаецца Аляксандар Лукашэнка.