Падпалкоўнік Фёдар Кандзіранда верыць у перамогу Ціханоўскай на выбарах і выступіў супраць гвалту з боку сілавікоў.
Падпалкоўнік Фёдар Кандзіранда кажа, што ніколі ў жыцьці не атрымліваў столькі званкоў з падтрымкай і віншаваньнямі, як цяпер, калі стала вядома, што яго звольнілі з Вайсковай акадэміі. Рапарт аб звальненьні па ўласным жаданьні старшы выкладчык агульнавайсковага факультэту акадэміі Фёдар Кандзіранда падаў яшчэ 13 жніўня.
Штуршком сталі выбары і зьвесткі ў інтэрнэце пра гвалт над людзьмі, якія пратэставалі супраць фальсыфікацый. А ў пачатку лістапада рапарт Фёдара Кандзіранды быў падпісаны. Яго звольнілі не са «згоды бакоў», а паводле артыкулу — за сыстэматычнае парушэньне ўмоў кантракту.
«Давялося на гэта пайсьці наўмысна, каб звольнілі», — тлумачыць былы выкладчык.
«Нават афіцэры ішлі галасаваць зь белымі стужкамі»
Чаму Фёдар Кандзіранда не сумняваецца, што афіцыйным вынікам выбару прэзыдэнта нельга верыць?
«Тое, што Лукашэнка не перамог, для мяне відавочна», — кажа Фёдар Кандзіранда і спасылаецца ня толькі на настроі сваякоў, сяброў і знаёмых, але і на тое, што ўбачыў у дзень асноўнага галасаваньня на выбарчым участку.
«Наш участак размяшчаўся ў клюбе на тэрыторыі 86-й брыгады сувязі. Ішло галасаваць як ніколі шмат людзей, у тым ліку былі зь белымі стужкамі на руцэ. А ў нас жа галасуюць у асноўным афіцэры, іхныя жонкі, сваякі. Калі ўжо такія людзі пайшлі галасаваць за Ціханоўскую ды гэтага не хавалі, дык што тут разважаць пра 80% Лукашэнкі? Гэта плявок у твар усім нам, у твар народу», — мяркуе былы выкладчык Вайсковай акадэміі.
Паводле Фёдара Кандзіранды пра ягоныя даволі апазыцыйныя настроі кіраўніцтва акадэміі ведала. Раней меў сваю старонку ў Facebook, на якой пазначыў, хто ён і дзе служыць, а вайсковая контравыведка пра гэта прасыгналіла кіраўніцтву акадэміі. Падпалкоўніку вынесьлі вымову, старонку ён мусіў закрыць. Але пасьля выбараў, калі напісаў рапарт, Фёдар Кандзіранда яе разблякаваў, напісаў «Я з народам» ды выказаўся супраць гвалту.
Размова з генэралам пра здраднікаў і шпіёнаў
Што было далей? Па краіне пракаціліся першыя шматысячныя шэсьці і мітынгі. У Менску зьбіраліся па 100 тысяч і болей. У абласных цэнтрах на плошчы да разьюшанага натоўпу выходзілі разгубленыя начальнікі: «Давайце размаўляць». Неўзабаве і падпалкоўнік Кандзіранда атрымаў загад прыйсьці на гутарку да генэрала. Але сэнс размовы быў для яго прадказальны.
«Спачатку пачуў, што я нібыта здраднік, а ў другой размове дык нават, што шпіён. Прагучала і папярэджаньне, што трэба будзе заводзіць крымінальную справу. Але чаму? Насамрэч мы ж зь ім за адно і тое ж: за моцную самастойную Беларусь. Толькі я прапаную іншы шлях: прыслухацца да выбару народу, а не заганяць яго зноў у стойла. Гэта не аргумэнт, што трэба яшчэ пацярпець з гэтым прэзыдэнтам, інакш нас захопяць. Не, трэба быць з народам, лічыцца зь ягоным выбарам».
Прычым Фёдар Кандзіранда дапускае, што той ягоны суразмоўца ў акадэміі, ды і шмат іншых калег, шчыра вераць ва ўмяшаньне ў справы Беларусі з усіх бакоў, уключна з усходнім. Але ён думае, што час такіх поглядаў мінуў, бо цяпер, праз пашырэньне мабільнай сувязі і інтэрнэту, «кожны сам сабе тэлевізар» і мае права вырашаць самастойна.
«Людзі ўсё жыцьцё чулі пра ўмяшаньне звонку. Гэта былі ЗША, Англія, цяпер ім больш гавораць пра Польшчу, Чэхію, маленькую Літву, нават Расею. Але якое ўмяшаньне? Гэта што, Захад пасьля першага аглушальнага мітынгу Ціханоўскай, на які прыйшлі больш за 60 тысяч, адмяніў яе мітынг у Менску напярэдадні саміх выбараў? Гэта Польшча не зарэгістравала Бабарыку, кінула ў турму Ціханоўскага? Да пратэстаў людзей падштурхнула сама ўлада, і ніхто іншы. І яна ж вінаватая ў тым, што пратэсты не сьціхаюць ды нават шырацца. Цяпер садзяць людзей толькі за выказваньне думкі, за тое, што пайшоў у страйк. Навошта? Людзі і будуць пратэставаць, бо гвалт нарастае, за кратамі ўсё больш, а Лукашэнка не сыходзіць», — мяркуе Фёдар Кандзіранда.
Чаму кіроўныя кадры пабягуць ад Лукашэнкі?
Размаўляем зь ім пра тое, што можа прывесьці да адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Самыя моцныя ўдары на сыстэме, на думку Фёдара Кандзіранды, нанясуць пратэсты і пагаршэньне эканамічнага становішча, пасьля чаго пачнецца сабатаж кіроўных кадраў. «Паступова пачнуць разьбягацца кіраўнікі, адпадаць адзін за другім. Нікому ня хочацца несьці адказнасьць за ягоныя памылкі, якіх усё болей», — мяркуе былы падпалкоўнік.
Размаўляем пра лад Беларусі пасьля перамогі над Лукашэнкам. Фёдар Кандзіранда лічыць, што рэжым асабістай улады аднаго чалавека ў Беларусі склаўся невыпадкова, гэтаму спрыялі адразу некалькі фактараў, якія засталіся фактычна некранутымі з савецкіх часоў. Сярод іх перавага дзяржаўнай эканомікі і дамінаваньне дзяржаўнай прапаганды. Ды і наіўная вера беларусаў у моц аднаго чалавека зрабіла кепскую службу.
«Трэба аднавіць у грамадзтве сапраўдныя цывілізаваныя каштоўнасьці. Аднавіць палітычныя свабоды, заснаваныя на правах чалавека, аднавіць роўнасьці ўсіх перад законам, дамагчыся сапраўднага падзелу ўладаў. Але гэта трэба вяртаць не гвалтам, а праз законныя працэдуры. Спадзяюся, абыдземся без „ленінападу“. Тое, што было ў нашай гісторыі, выкрэсьліваць нельга, але высновы зрабіць трэба».
Фёдару Кандзіранду 42 гады, ён мог бы служыць у войску яшчэ 5 гадоў і пайсьці на пэнсію, якая ў вайскоўцаў, па беларускіх мерках, нядрэнная. Але цяпер будзе шукаць новую працу, наладжваць жыцьцё наноў.
«Ужо ёсьць добрая прапанова. Паспрабую сябе ў ІТ-сфэры, дзе я быў самавукам, але нядрэнна засвоіў пэўныя навыкі. Але спачатку трэба будзе павучыцца на курсах», — кажа пра свае пляны Фёдар Кандзіранда.