Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыгразіў не прызнаваць замежныя дыплёмы, але гэта парушэньне закону


Страйк БДУ, 26 кастрычніка 2020
Страйк БДУ, 26 кастрычніка 2020

Аляксандар Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць закон аб непрызнаньні замежных дыплёмаў. Такую заяву ён зрабіў 29 кастрычніка, калі камэнтаваў пратэсты ў беларускіх ВНУ. Але ці гэта магчыма?

Што кажа закон

Беларусь падпісала Лісабонскую канвэнцыю ў 2002 годзе. Гэты міжнародны дакумэнт абавязвае краін-удзельніц прызнаваць кваліфікацыі вышэйшай адукацыі. У Беларусі прызнаньне замежных дыплёмаў рэгулюе таксама пастанова Савету Міністраў ад 21 ліпеня 2011 году.

Паводле яе, чалавек, які мае замежны дыплём, мусіць зьвярнуцца ў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, і ягоны дыплём мусіць быць прызнаны ў Беларусі.

Беларусь уваходзіць у Балёнскі працэс, які таксама абавязвае прызнаваць замежныя дыплёмы.

«Прызнаньне дыплёмаў бакаляўрыяту раней было складаным, але пасьля скарачэньня гадзінаў навучаньня ў Беларусі спрасьцілася. Магістарскія дыплёмы прызнаваліся, апроч складаных выпадкаў, калі праграмы зусім не суадносіліся. Яшчэ пытаньне, хто ня будзе прызнаваць дыплёмаў, на дзяржслужбе? Прыватны бізнэс будзе ігнараваць гэта», — мяркуе сябра Грамадзкага Балёнскага камітэту Ўладзімер Дунаеў.

Апроч міжнароднай канвэнцыі, Беларусь мае і міжурадавыя пагадненьні аб прызнаньні дыплёмаў. Пра гэта кажа Сяргей Альшэўскі, кіраўнік праекту «Народны падручнік».

«Існуюць пагадненьні і паміж урадамі аб прызнаньні дыплёмаў. Ёсьць пагадненьні паміж міністэрствамі. Дыплём любой краіны можна прызнаць праз Інстытут вышэйшай школы. Хачу паглядзець, як мы будзем парушаць міжурадавыя пагадненьні», — кажа Сяргей Альшэўскі.

Міжурадавыя пагадненьні аб прызнаньні кваліфікацый вышэйшай адукацыі Беларусь на сёньня мае з Польшчай, Украінай, Расеяй, Азэрбайджанам, Эквадорам, Туркмэністанам і шэрагам іншых краін.

То бок, каб адмовіцца прызнаваць замежныя дыплёмы, Беларусі давядзецца парушыць Пастанову Савету Міністраў Беларусі, міжнародную Лісабонскую канвэнцыю і правілы Балёнскага працэсу.

Ці проста прызнаць замежны дыплём

Праблемы з прызнаньнем замежнага дыплёму існавалі і раней. Аўтаматычна гэта не рабілася. Дыплём мусіў прызнаць Інстытут вышэйшай школы, куды трэба было накіроўваць дакумэнты.

«Міністэрства адукацыі яшчэ ў 2011 годзе абяцала ўвесьці дадатак да дыплёму эўрапейскага ўзору, але яго няма і цяпер, хоць гэтага патрабуе Балёнскі працэс. У нас працэдура прызнаньня працуе кепска, аўтаматычна яна не працуе. На дзяржслужбу з замежнымі дыплёмамі ў нас заўжды на працу кепска бралі», — тлумачыць Уладзімер Дунаеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG